Амбасадар Польшчы ў Японіі Павал Мілеўскі расказаў у сваім твітэры пра сустрэчу зь лёгкаатлеткай Крысьцінай Ціманоўскай, якая адмовілася вяртацца ў Беларусь пасьля таго, як спартовае начальства зьняло яе са спаборніцтваў.
«Ціманоўская пачуваецца добра. Дзякуе ўсім тым, хто працягнуў ёй руку дапамогі, каб выратаваць ад тых, хто не жадаў ёй дабра», — напісаў Мілеўскі.
Good talk w/ Ms Kryscina Tsimanouskaya this morning at my office.She is doing well & thanks us all for extending a helping hand against those who do not wish her wellGreat feeling for a diplomat to try to help someone who is in urgent need of support.#Solidarity#Diplomacy https://t.co/IJPQc3X6wE pic.twitter.com/Pt2KGWqT5Z
— Paweł Milewski (@MilewskiP) August 3, 2021
Раней паведамлялі, што Ціманоўская мае вылецець у Польшчу, якая выдала ёй гуманітарную візу, 4 жніўня.
- 1 жніўня 24-гадовая Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
- Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе ўключылі ў эстафэту 4×400 мэтраў, хаця на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў. Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты празь недастатковую колькасьць допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі.
- Ціманоўская заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
- Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча, і Крысьціна выдаліла відэа. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе».
- Ціманоўская заявіла, што ў Беларусь ня вернецца, бо баіцца перасьледу. Яна вырашыла пераехаць у Польшчу.