Кіраўнік МЗС Нямеччыны: «Сёньня ўся Беларусь у закладніках у Лукашэнкі»

Гайка Маас

Гайка Маас запэўніў беларусаў у далейшай падтрымцы з боку Нямеччыны. Ён перакананы, што цяперашні рэжым ня мае ні палітычнай, ні маральнай легітымнасьці.

Кіраўнік МЗС Нямеччыны Гайка Маас выступіў з заявай на гадавіну сфальшаваных выбараў у Беларусі і пратэстаў, якія наступілі пасьля гэтага.

«Выбары, якія прайшлі 9 жніўня 2020 году і не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі, сталі паваротным пунктам».

Паводле яго, сёньня ўся краіна «знаходзіцца ў закладніках» у Аляксандра Лукашэнкі.

«Мірныя пратэсты за права стаць на новы, дэмакратычны шлях, правесьці сумленныя і свабодныя выбары і вызваліць палітычных зьняволеных выклікаюць па ўсім сьвеце пачуцьцё захапленьня і салідарнасьці, гэтаксама, як і сіла волі беларускага народу», — падкрэсьліў Маас.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Марыла ўсё жыцьцё». Год Сьвятланы Ціханоўскай

Міністар лічыць, што «дзяржаўная ўлада, якая накіравана на тое, каб кінуць у турму дзясяткі тысяч уласных грамадзян за ўдзел у мірных пратэстах, катаваць іх і прымушаць пакінуць краіну, страчвае ўсялякую палітычную і маральную легітымнасьць».

Маас нагадаў аб распрацаваным Бэрлінам «Пляне дзеяньняў для грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі», накіраваным на падтрымку людзей, якія зазанаюць палітычны перасьлед. Сярод іншага, гэты плян дазваляе ахвярам палітычных рэпрэсій атрымліваць нямецкія візы па спрошчанай схеме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год пасьля выбараў. Як зьмянілася Беларусь — у падзеях і лічбах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Henkel, Coca-Cola, L’Oréal ды іншыя заходнія карпарацыі фінансуюць прапаганду Лукашэнкі