Беларусы патрабавалі разабрацца з катаваньнямі на Акрэсьціна. Што адказала пракуратура

Адзін са зробленых у ліпені на Акрэсьціна здымкаў. На ім добра відаць, што ў людзей няма пасьцельнай бялізны і матрацаў

Жорсткія ўмовы ўтрыманьня на Акрэсьціна нядаўна зьнялі на камэру тэлефона. Гэта, а таксама сьведчаньні вязьняў, паклалі ў аснову звароту.

У канцы ліпеня «Вясна» апублікавала фатаздымкі, зробленыя ў ЦІП на Акрэсьціна адным зь вязьняў. На кадрах відаць, што камэра перапоўненая, людзі сьпяць на стале і на падлозе, пасьцельнай бялізны ў іх няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнікі аб умовах на Акрэсьціна: «Цяпер кожную інфармацыю трэба пераправяраць, вельмі шмат фэйкаў»

Беларусы склалі пэтыцыю і запатрабавалі праверыць, ці сапраўды ў ЦІПе ва ўсіх камэрах сытуацыя выглядае так, як на фота. І патрабавалі разабрацца. Пэтыцыя адправілася ў пракуратуру Менску, на зварот паступіў афіцыйны адказ.

«Паколькі пры падачы звароту не пададзены якія-небудзь дакумэнты, што пацьвярджаюць паўнамоцтвы на прадстаўленьне інтарэсаў тых адміністрацыйна арыштаваных грамадзян, хто зьмяшчаецца ў ЦІП ГУУС Менгарвыканкаму, зварот пакінуты без разгляду па сутнасьці. Грамадзяне, чые правы і інтарэсы парушаныя пры ўтрыманьні ў названай установе, маюць права самастойна зьвяртацца з адпаведнымі заявамі ў вызначаным заканадаўствам парадку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атракцыён садызму». Гісторыі 11 жанчын з камэры № 18 на Акрэсьціна

За ўвесь час, які прайшоў зь 9 жніўня 2020 году, праз ЦІП на Акрэсьціна прайшлі тысячы людзей. Аднак ніводная асабістая скарга на ўмовы ўтрыманьня, праблемы зь ліставаньнем, катаваньні і пагрозы з боку адміністрацыі не знайшла ўхваленьня з боку ўладаў. Таксама супраць сілавікоў дасюль не завялі ніводнай крымінальнай справы за перавышэньне паўнамоцтваў і праз падазрэньні ў зьнявазе асобы, катаваньнях і забойствах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 46 тысяч пратэстоўцаў і «катаваньні прыдумалі». Дзе Лукашэнка сказаў няпраўду
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пабітыя на Акрэсьціна адказваюць Лукашэнку. ВІДЭА