У чацьвярых дзяцей пад Смаргонямі пацьвердзіўся дэльта-штам каранавірусу

  • БелаПАН

Ілюстрацыйнае фота

У чатырох дзяцей у рэабілітацыйна-аднаўленчым цэнтры «Лясная паляна» пад Смаргонямі пацьвердзіўся дэльта-штам каранавірусу, паведаміў намесьнік міністра аховы здароўя — галоўны санітарны ўрач Беларусі Аляксандар Тарасенка ў эфіры праграмы «Тыдзень» на канале СТВ.

Паводле яго, у цэнтры сытуацыя стабільная. Цяпер там кругласутачна знаходзіцца мэдычная і санітарна-эпідэмічная службы.

«Адзінае, каб нам сёньня з улікам усіх прафіляктычных мерапрыемстваў выйсьці годна з гэтай сытуацыі», — дадаў чыноўнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Надмерная сьмяротнасьць — 32 тысячы чалавек. Улады Беларусі ў шмат разоў заніжаюць статыстыку падчас эпідэміі каранавірусу — дадзеныя ўцечкі

У рэабілітацыйна-аднаўленчым цэнтры «Лясная паляна» пад Смаргонямі была зафіксавана ўспышка COVID-19. Як паведаміў раней Тарасенка, некаторы час у цэнтры будуць забароненыя масавыя мерапрыемствы, уведзены масачны рэжым — дзеці ад 6 гадоў носяць маскі ў закрытых памяшканьнях, а ў будынках праводзіцца пастаянная дэзынфэкцыя.

«Як паказвае аналіз сытуацыі, каранавірус завезьлі дзеці. Першыя выпадкі сталі рэгістравацца празь сем дзён пасьля заезду. Зарэгістраваныя выпадкі захворваньня і сярод пэрсаналу», — заявіў чыноўнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: САЗ: «Мы ўсё больш аддаляемся ад завяршэньня пандэміі». Эканоміку трасе

«Мы разьмежавалі патокі дзяцей: вызначылі корпусы для разьмяшчэньня здаровых дзяцей і тых, у каго станоўчы тэст на каранавірус. Дзеці, якія маюць клінічную сымптаматыку, пераведзеныя для лячэньня ў Астравецкую ЦРБ», — паведаміла начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкаму Людміла Кеда.

Паводле яе, у цэнтры застаюцца дзеці з станоўчым тэстам, аднак зь бессымптомнай хадой хваробы.

  • 13 жніўня былі праведзеныя экспрэс-тэсты ўсім дзецям і супрацоўнікам у «Лясной паляне». Акрамя таго, заплянавана паўтарыць тэставаньне пасьля заканчэньня пэрыяду ізаляцыі, дзеці будуць выяжджаць з цэнтру арганізавана, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
  • Раней штам «дэльта» выявілі ў Менску, Лідзе і Гомлі. Індыйскі падвід каранавірусу адрозьніваецца тым, што вельмі заразны. Мутаваны вірус паводзіць сябе больш агрэсіўна, чым папярэднія варыянты, а працэнт захворваньня ў цяжкай форме значна вышэйшы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тры дні — і ў рэанімацыю». Дэльта-штам каранавірусу выявілі ў Гомлі