У ЗША ўпершыню за некалькі месяцаў ад COVID-19 памерлі звыш 1000 чалавек за дзень

Рэзкі рост сьмяротнасьці назіраецца на фоне пашырэньня штаму «дэльта».

У аўторак у ЗША было зарэгістравана больш за тысячу сьмерцяў ад COVID-19, або прыкладна 42 сьмерці за гадзіну, паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на агенцтва Reuters.

Гэтая змрочная мяжа была дасягнутая на фоне разгулу штаму «дэльта» ў раёнах краіны зь нізкім узроўнем вакцынацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У чацьвярых дзяцей пад Смаргонямі пацьвердзіўся дэльта-штам каранавірусу

За апошні месяц у ЗША рэзка вырасла колькасьць сьмерцяў, зьвязаных з каранавірусам, якая склала ў сярэднім 769 за дзень. Гэта самы высокі паказьнік зь сярэдзіны красавіка.

Паводле дадзеных Reuters на аснове інфармацыі штатаў, у аўторак ад COVID-19 памерлі 1017 чалавек, а агульная колькасьць памерлых за ўвесь час пандэміі склала крыху менш за 623 тысячы, што зьяўляецца самым высокім паказьнікам сярод усіх краін сьвету.

Апошні раз больш за тысячу сьмерцяў ад каранавірусу ў дзень рэгістравалася ў ЗША ў сакавіку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адкуль узяўся каранавірус, або Навошта Кітаю фэйкавы швайцарскі навуковец