ЗША канчаткова вывелі войскі з Афганістану

Крыс Донаг’ю — кіраўнік амэрыканскай вайсковай місіі ў Кабуле — апошнім зайшоў у самалёт, 30 жніўня 2021

Эвакуацыя амэрыканскіх вайскоўцаў з Афганістану афіцыйна скончылася. Ваенная апэрацыя ЗША ў краіне скончылася праз 20 гадоў.

Апошні амэрыканскі вайсковец пакінуў Афганістан, і апэрацыя эвакуацыі завершаная. Пра гэта заявіў журналістам у Пэнтагоне генэрал Кенэт Маккензі, кіраўнік Цэнтральнага камандаваньня ЗША, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Апошні самалёт C-17 вылецеў зь міжнароднага аэрапорту імя Хаміда Карзая 30 жніўня ў 15:29 паводле стандартнага ўсходняга часу», — заявіў генэрал Маккензі.

На борце самалёта знаходзіліся Крыс Донаг’ю — кіраўнік амэрыканскай вайсковай місіі ў Кабуле, і амбасадар ЗША ў Афганістане Рос Уілсан.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падзякаваў амэрыканскім вайскоўцам за правядзеньне апэрацыі па эвакуацыі звыш 120 тысяч чалавек за 17 дзён.

У заяве міністар абароны ЗША Лойд Осьцін адзначыў, што сёньняшнія падзеі адзначылі заканчэньне «самай працяглай вайны ў гісторыі ЗША».

«Мы страцілі ў гэтай вайнe 2461 жаўнера. Тысячы іншых атрымалі раненьні — бачныя і нябачныя. Шнары, атрыманыя ў баях, ня гояцца лёгка і часта ня гояцца наогул», — сказаў Осьцін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за ракетны ўдар па аэрапорце Кабулу

Па словах генэрала Маккензі, хоць вайсковая эвакуацыя завершана, дыпляматычная місія забесьпячэньня выезду грамадзян ЗША з Афганістану працягваецца.

«Агулам самалёты ЗША і кааліцыі эвакуавалі звыш 123 000 мірных жыхароў, і ўсё гэта стала магчымым дзякуючы вайскоўцам ЗША, якія ўтрымлівалі бясьпеку аэрапорту і кіравалі ім», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз афганскую «фортку» Лукашэнка імкнецца выбрацца зь міжнароднай ізаляцыі

Маккензі адзначыў унёсак Нарвэгіі ў пасьпяховую эвакуацыю, бо прадстаўнікі гэтай краіны падтрымлівалі бесьперабойную працу шпіталя, што адыграла важную ролю ў дапамозе параненым, пацярпелым у выніку тэракту, зьдзейсьненага сьмяротнікам «Ісламскай дзяржавы».

Па словах генэрала, частку амэрыканскага вайсковага абсталяваньня, пакінутага ў Афганістане, дэмілітарызавалі і яго нельга будзе выкарыстоўваць у будучыні. У прыватнасьці размова ідзе пра тактычныя сыстэмы СПА (C-RAM), колавыя бронемашыны з узмоцненай супрацьміннай абаронай (MRAP), пазадарожнікі HMMWV, а таксама 73 самалёты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АДКБ запэўнівае, што салдат у Афганістан не пашле