Кіраўнік NATO выступіў супраць незалежных ад альянсу вайсковых фармаваньняў у Эўропе

Енс Столтэнберг

На думку Енса Столтэнберга, гэта падзеліць саюзьнікаў і дасьць дадатковыя дывідэнты радыкальным групоўкам.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнберг папярэдзіў, што стварэньне ў Эўропе арміі, незалежнай ад ЗША, падзеліць саюзьнікаў.

«Я вітаю далейшыя намаганьні Эўропы ў галіне абароны, але яны ніколі не заменяць NATO. Мы павінны гарантаваць аб’яднаньне Эўропы і Паўночнай Амэрыкі», — сказаў ён у інтэрвію The Telegraph, інфармуе BNS.

Столтэнберг падкрэсьліў, што «любая спроба аслабіць сувязь паміж Паўночнай Амэрыкай і Эўропай будзе кепскай ня толькі для NATO, але і падзеліць Эўропу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік NATO пра вучэньні «Захад-2021»: Мы раней бачылі, што колькасьць войскаў значна перавышае заяўленую

Напярэдадні сустрэчы міністраў замежных спраў і абароны Эўразьвязу ў Любляне кіраўнік дыпляматыі уніі Жазэф Бурэль заявіў, што падзеі ў Афганістане падкрэсьлілі неабходнасьць Эўропы ствараць уласны вайсковы патэнцыял незалежна ад ЗША.

Кіраўнік NATO адзначыў, што «ўся міжнародная супольнасьць, уключаючы Расею і Кітай, павінна працаваць над тым, каб Афганістан ня стаў месцам, дзе тэрарыстычныя групоўкі могуць свабодна дзейнічаць і рыхтаваць, арганізоўваць, плянаваць і фінансаваць напады супраць нашых краін».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго чакаць у Афганістане цяпер, калі амэрыканскія войскі пакінулі краіну. 4 пытаньні і адказы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бурэль: Эўразьвязу давядзецца размаўляць з талібамі, нават калі ён ня будзе прызнаваць іх