«Ён прапускае такія моманты!» Як жыве сям’я, дзе мужу далі «хімію», а жонка адна гадуе немаўля

Максім і Натальля Сарычавы.

Сёлета 11 жніўня ў сям’і Сарычавых нарадзіўся першынец — сын Арцём. Малы дагэтуль ня бачыў таты. Максім Сарычаў атрымаў год «хіміі» за тры словы ў інтэрнэце.

Жонка Максіма Натальля расказала, як спраўляецца адна зь дзіцем, якой дапамогі ёй трэба і пра што марыць больш за ўсё.

«Хатнюю хімію» замянілі на «хімію»

Максім і Натальля жанатыя два гады. Максім родам са Слоніма, але сям’я жыве ў Горадні. Абое маюць вышэйшую адукацыю. Працавалі ў продажах: ён гандляваў оптам гаршкамі для кветак, яна кансультавала ў краме дзьвярэй.

Максім Сарычаў

Летась 12 жніўня, калі ў Беларусі пасьля трохдзённага адключэньня вярнуўся інтэрнэт, у слонімскім пратэставым тэлеграм-канале пачалі выкладваць фатаздымкі слонімскіх міліцыянтаў. Максім пазнаў аднаго зь іх — старшага ўчастковага інспэктара Слонімскага РАУС Андрэя Г. Хлопцы ў юнацтве бавілі час у адной кампаніі. Сарычаў пакінуў камэнтар пад фота: «Ведаю гэтага вырадка».

Праз два месяцы на яго завялі крымінальную справу за абразу (артыкул 369 КК). У сьнежні пачаліся суды. Тады ж Натальля даведалася, што зацяжарала. Сарычаў цалкам прызнаў сваю віну, выбачыўся, патлумачыў, што напісаў камэнтар «на эмоцыях». Прызнаны пацярпелым міліцыянт Андрэй Г. запатрабаваў 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Адначасна ён прасіў суд не караць былога прыяцеля абмежаваньнем волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі больш за 600 палітвязьняў. Гэта гістарычны максымум за часы незалежнасьці

Слонімскі суд улічыў добрую характарыстыку Максіма і тое, што жонка неўзабаве народзіць дзіця, і ў траўні асудзіў Сарычава на год «хатняй хіміі», а таксама задаволіў пазоў міліцыянта на 1000 рублёў.

Аднак пракурора не задаволіў такі прысуд, ён апратэставаў яго. Горадзенскі абласны суд зьмяніў вырак — на год абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. 9 ліпеня Максім паехаў адбываць пакараньне ў Асіповічы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ўсьміхнуўся, могуць прыйсьці са „шмонам“». Як жыве вязень, які адседзеў за пудзілы міліцыянтаў

«У мяне сын, мне нельга нэрвавацца»

Натальлю амаль адразу пасьля гэтага паклалі на захоўваньне ў шпіталь, а празь месяц яна нарадзіла сына, раней за прызначаны тэрмін. Выпісалі яе з раддому толькі на пачатку верасьня. Даглядаць дзіця дапамагае маці Натальлі. Агулам яна спраўляецца з побытавымі справамі.

Натальля з малым Арцёмам

«Канечне, перажываю вельмі моцна. Гэта проста вельмі доўга цягнулася. Куча страшных нэрваў. Я была ў цяжары, дзіця мы плянавалі. Мы жывём душа ў душу. Мы думалі, што будзе год „хатняй хіміі“. Што яго накіруюць туды, куды яго накіравалі, мы ня думалі. Я ўжо супакоілася, у мяне сын, я яго кармлю грудзьмі. Мне нэрвавацца нельга, каб малако ня зьнікла», — кажа Натальля.

Цяпер жанчына жыве за грошы, якія сям’я адкладала раней. Бацькі ня могуць ёй дапамагаць фінансава, бо ўжо на пэнсіі. Да таго ж Натальля адпраўляе частку грошай мужу, бо на «хіміі» яму не хапае заробку на жыцьцё. За палову ліпеня яму налічылі 155 рублёў за працу на агракамбінаце.

«Цяжка, канечне», — Натальля, якая досыць спакойна расказвала пра справу, урэшце пачынае плакаць, бо муж ня побач зь ёй у такі важны для сям’і пэрыяд.

Больш за ўсё яна хоча, каб ён хутчэй вярнуўся дадому.

«Гадаваць дзіця адной ня тое каб цяжка, але Максіму цяжка. Ён прапускае такія моманты, якія ніхто б не хацеў прапускаць», — тлумачыць жанчына.

Яна марыць таксама, каб выйшлі на волю ўсе зьняволеныя з палітычных прычын.

«І мару, каб наша краіна з дыктатарскай стала дэмакратычнай, каб вярнуўся закон і павага да чалавечага жыцьця, каб Беларусь пачала разьвівацца, а не закрывацца ад усяго сьвету», — кажа гарадзенка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры галоўныя рэдактары незалежных СМІ ў турме. Што яны пішуць зь СІЗА

Прысуд мужу Натальля лічыць несправядлівым, як і агулам тое, што адбываецца апошні год у Беларусі.

«Тое, што адбываецца, — жахліва. Людзям такія тэрміны. За абразу ў сацсетках такое пакараньне, пры тым, што ён прызнаў віну і супрацоўнічаў са сьледзтвам», — абураецца суразмоўца.

Тэарэтычна Натальля з малым могуць убачыцца з мужам. Аднак ён адбывае пакараньне за 450 кілямэтраў ад дома. Ехаць у такую дарогу з нованароджаным цяжка і небясьпечна. Таму гарадзенка ня ведае, ці здолее ўбачыць Максіма да вызваленьня.

Натальля прызнаецца, што цяпер сям’і патрэбная толькі матэрыяльная дапамога, бо з астатнім яны даюць рады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вернемся. Слухайце нашую музыку». Што пішуць затрыманыя музыкі гурту Irdorath