ЗША, ЭЗ і Брытанія не прызналі выбары ў расейскую Думу на тэрыторыі Крыму

Уладзімір Пуцін абмяркоўвае вынікі выбараў з кіраўніцай ЦВК Элай Памфілавай

Краіны Эўразьвязу, ЗША і Вялікая Брытанія не прызнаюць вынікі і сам працэс галасаваньня на выбарах у Дзяржаўную Думу Расеі на тэрыторыі анэксаванага Крыму. Пра гэта сказана ў заявах зьнешнепалітычных ведамстваў ЭЗ, Брытаніі і ЗША. У іх падкрэсьліваецца, што міжнародная супольнасьць лічыць Крым сувэрэннай тэрыторыяй Украіны.

У заяве зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ таксама ўтрымліваецца асуджэньне ўдзелу ў выбарах жыхароў падкантрольных прарасейскім сэпаратыстам раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны.

ЭЗ, ЗША і Брытанія зьвяртаюць увагу на паведамленьні пра шматлікія парушэньні на выбарах у Дзярждуму, а таксама на тое, што яны праводзіліся ў атмасфэры ўзмоцненага ціску расейскіх уладаў на грамадзянскую супольнасьць і журналістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Единая Россия» захоўвае ў Думе канстытуцыйную большасьць

У заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША сказана, што законы аб «замежных агентах», экстрэмісцкіх і «непажаданых» арганізацыях абмяжоўваюць правы расейскіх грамадзян, у тым ліку выбарчыя. У выніку, як лічаць на Захадзе, магчымасьці выбару для расейцаў былі абмежаваныя. Краіны Захаду таксама асудзілі ўлады Расеі за адмову запрасіць назіральнікаў ад АБСЭ.

Пра непрызнаньне выбараў у Дзярждуму ў цэлым у заявах не гаворыцца. Раней Эўрапарлямэнт заклікаў ЭЗ не прызнаваць вынікі галасаваньня, калі яно ня будзе сумленным і празрыстым.

У Крыме праходзіць ужо ня першае галасаваньне на расейскіх выбарах пасьля анэксіі. Вынікі галасаваньня на выбарах у Думу ў 2016 годзе ў Крыме таксама не былі прызнаныя Захадам — на практыцы гэта азначала, напрыклад, тое, што выбраныя ў Крыме дэпутаты Думы не маглі ўключацца ў расейскія дэлегацыі ў міжнародных парлямэнцкіх асамблеях.

  • Паводле дадзеных ЦВК пасьля падліку амаль усіх бюлетэняў, у Думу праходзяць 5 партыяў, прычым уладная «Адзіная Расея» захоўвае канстытуцыйную большасьць. Прыхільнікі КПРФ, а таксама апазыцыянэра Аляксея Навальнага, вінавацяць улады ў фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня ў Маскве — вынікі электроннага галасаваньня прыкметна адрозьніваюцца ад вынікаў галасаваньня на традыцыйных участках і забясьпечваюць перамогу праўладных кандыдатаў. Сама выбарчая кампанія прайшла пад знакам перасьледу прыхільнікаў Навальнага, якім не давалі ні балятавацца, ні агітаваць за падтрыманых імі кандыдатаў.