Урад за датэрміновае выкарыстаньне сямейнага капіталу. Лукашэнка засьцерагае ад «размываньня грошай»

Маладая маці, ілюстрацыйнае фота

Савет Міністраў плянуе пашырыць магчымасьці датэрміновага выкарыстаньня сямейнага капіталу. Нормы ўключаць у праект адпаведнага ўказу.

Міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч заявіла, што датэрміновае выкарыстаньне сямейнага капіталу прапануецца пашырыць за кошт такіх кірункаў як жытло, мэдыцына, адукацыя. Таксама зьявіцца магчымасьць купіць сродкі сацыяльнай рэабілітацыі і адаптацыі для сем’яў, у якіх дзеці альбо бацькі маюць інваліднасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што хавае дзяржава, калі радуецца «росту шматдзетнасьці»

У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Савету Міністраў паставіў пытаньне аб апраўданасьці і своечасовасьці пашырэньня межаў датэрміновага выкарыстаньня сямейнага капіталу.

«Размываць гэтыя грошы нельга. Нельга разьменьваць доўгатэрміновую падтрымку на імгненныя патрэбы. Прынамсі хацеў бы пачуць дадатковыя аргумэнты. Але ў цэлым жыцьцё паказвае, што мы выбралі правільны шлях. Колькасьць шматдзетных сем’яў прырастае. За апошнія 10 гадоў — практычна ўдвая, сёньня іх больш за 115 тысяч. Мэханізм праграмы працуе эфэктыўна, значыць, трэба разьвіваць яго далей», — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Эўропе павышаюць нараджальнасьць. Прыклады Польшчы, Вугоршчыны і Нямеччыны

Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, праграмай сямейнага капіталу скарысталіся ўжо больш за 100 тысяч шматдзетных сем’яў.

З мэтай дзяржаўнай падтрымкі шматдзетных сем’яў, стымуляваньня нараджальнасьці пры зьяўленьні трэцяга або наступных дзяцей дзяржавай даецца так званы «сямейны капітал» — аднаразовая падтрымка ў форме безнаяўных грашовых сродкаў, цяпер гэта 23 737 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь не аднаўляе сваё насельніцтва з 1978 году. Лукашэнка загадаў зьнізіць сьмяротнасьць

Сямейны капітал прызначаецца пры нараджэньні (усынаўленьні) з 1 студзеня 2020 году па 31 сьнежня 2024 году трэцяга ці наступных дзяцей, калі з улікам народжанага (усыноўленага) у сям’і выхоўваюцца ня менш як трое дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў.

Права на сямейны капітал можа быць рэалізавана толькі адзін раз.