Літва дазволіла мігрантам прасіць прытулку ў амбасадзе ў Менску

Сьцягі Літвы і Эўразьвязу перад кансулятам у Горадні, ілюстрацыйнае фота

Ад 22 верасьня прасіць прыстанішча ў Літве можна ў амбасадзе гэтай краіны ў Беларусі.

Гэта прадугледжана ўказам, падпісаным міністрам абароны Арвідасам Анушаўскасам.

«Прашэньні замежных грамадзян аб наданьні прыстанішча могуць падавацца ў амбасаду Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь», — спасылаецца на дакумэнт агенцтва Delfi.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два мігранты спрабавалі ўцячы з цэнтру рэгістрацыі іншаземцаў у Літве, пацярпеў памежнік

Раней віцэ-міністар унутраных спраў Арнольдас Абрамавічус заяўляў, што нелегальныя мігранты ніводнага разу не падавалі прашэньні аб прытулку на памежным на КПП, бо ў большасьці зь іх няма дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу. З гэтай жа прычыны беларускія службы не прапускаюць іх назад праз свае пункты.

Агулам у Літву празь мяжу зь Беларусьсю сёлета трапіла больш за 4 тысячы мігрантаў, большасьць зь Іраку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва перастане прымаць прашэньні аб прытулку на сваёй тэрыторыі, — праект закону

Ад моманту пачатку ўжываньня Вільняй палітыкі вяртаньня ў пачатку жніўня каля 2,5 тысячы мігрантаў зноў апынуліся ў Беларусі.