Уводзяць «базавыя рахункі» для пэнсій і заробкаў. Што гэта значыць

У Беларусі ўводзяць базавыя разьліковыя рахункі для фізычных асобаў. Указ пра гэта падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

Такі рахунак прадугледжвае мінімальны бясплатны сьпіс апэрацыяў. Беларусы змогуць атрымліваць на іх сацыяльныя выплаты — пэнсіі і дапамогі, а таксама заробак, незалежна ад таго, у якім банку абслугоўваецца наймальнік. Ствараць новую сыстэму будуць паступова — да 1 ліпеня 2025 году.

Тэкст указу дагэтуль не апублікаваны, але партал Zerkalo.io апублікаваў тлумачэньне, як гэта мае працаваць.

Адзін чалавек зможа бясплатна адкрыць адзін базавы банкаўскі рахунак. Для тых, хто захоча атрымліваць сацыяльныя выплаты ў безнаяўнай форме, трэба будзе абавязкова адкрываць такі рахунак. Пры гэтым па-ранейшаму можна будзе атрымліваць гатоўкай (наяўнымі грашыма) сацыяльныя выплаты — пэнсіі і дапамогі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​Чаго чакаць ад новай пэнсійнай рэформы, якую прапануюць улады

Базавыя рахункі сярод іншага павінны дапамагчы пазбавіцца ад так званага «заробкавага рабства». Аб гэтым раней заяўлялі ў Нацбанку. На практыцы гэтае «рабства», як правіла, выглядае так: банкі, выдаючы крэдыт прадпрыемствам, паказваюць ва ўмовах, каб кліенты цалкам перайшлі да іх на абслугоўваньне, у тым ліку перавялі пералік заробкаў. Працадаўцы, у сваю чаргу, перашкаджаюць работнікам у самастойным выбары банка для афармленьня карткі.

Калі ж увядуць базавыя рахункі, то наймальнікі будуць абавязаны пералічваць заробкі на яго базавы рахунак, калі працаўнік выявіць такое жаданьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад за датэрміновае выкарыстаньне сямейнага капіталу. Лукашэнка засьцерагае ад «размываньня грошай»

Як патлумачылі ў Нацбанку, у адпаведнасьці з указам базавы рахунак дазволіць бясплатна зьдзяйсьняць шэраг апэрацый, якія для звычайнага разьліковага рахунку зьяўляюцца платнымі. Сярод іх:

  • адкрыцьцё і закрыцьцё базавага рахунку; пераафармленьне бягучага рахунку ў базавы і назад;
  • залічэньне сацыяльных выплат, заробку і прыраўнаваных да яго выплат, стыпэндый;
  • пераводы паміж базавым рахункам і іншымі рахункамі яго ўладальніка ў тым жа банку;
  • пералічэньне з базавага рахунку на іншы рахунак па прычыне яго закрыцьця, пры пераносе ў іншы банк або пераафармленьні ў бягучы рахунак ўнутры аднаго банка;
  • разьлікі за тавары (работы, паслугі), у тым ліку ў інтэрнэце або праз АРІП,
  • пры выкарыстаньні плацежных інструмэнтаў або сыстэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўваньня;
  • зьняцьце наяўных грошай праз касы, банкаматы і іншую інфраструктуру банка, у якім адкрыты базавы рахунак, у сувязі зь яго закрыцьцём;
  • іншыя апэрацыі, устаноўленыя Нацбанкам.

Можна будзе мець толькі адзін базавы рахунак у адным банку (колькасьць іншых рахункаў не абмежаваная). Пры гэтым беларусы атрымаюць магчымасьць выбраць банк для адкрыцьця базавага рахунку: банкі зь дзяржаўнай доляй больш за 50% буду абавязаныя адкрываць і весьці такія рахункі, іншым банкам таксама дадуць права на іх адкрыцьцё і вядзеньне.