У справе аб «здрадзе дзяржаве» затрымалі як мінімум 13 рабочых

Пратэставае шэсьце рабочых у Менску, жнівень 2020 году.

Па Беларусі 21-23 верасьня пракацілася хваля затрыманьняў завадчанаў і страйкамаўцаў з «Гродна Азот», Беларускага мэталюргічнага заводу, Беларускай чыгункі і «Нафтану». Затрымалі сама меней 13 чалавек.

Некалькі чалавек з «Гродна Азот» выпусьцілі, але 13 чалавек затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ і гомельскае СІЗА № 3. Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, іх затрымалі ў межах артыкулу 356 (здрада дзяржаве), піша «Вясна».

Санкцыя ў гэтым артыкуле прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

26 верасьня на дзяржаўным тэлевізійным канале АНТ выйшаў сюжэт пра затрыманых рабочых. У этэры заявілі, што 21 верасьня арганізацыю «Рабочы рух» прызналі экстрэмісцкай, і назвалі лічбу ў 13 затрыманых чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рабочы рух»: У Расеі затрымалі і перадалі КДБ Беларусі былога юрысконсульта ААТ «Нафтан»

Папярэдне вядома, што ўсім ставіцца ў віну арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). Таксама па АНТ паведамілі пра крымінальную справу за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК). У адносінах да некаторых рабочых ідзе гаворка таксама пра іншыя артыкулы, напрыклад арт. 357 («змова або іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»).

Затрыманыя рабочыя:

  • Сяргей Шэлест, былы апаратчык цэху «Аміяк-3», СІЗА КДБ;
  • Андрэй Пагерыла, былы сьлесар-рамонтнік цэху «Аміяк-3», СІЗА КДБ;
  • Уладзімер Жураўка, былы апэратар ДПУ цэху «Аміяк-3», СІЗА КДБ;
  • Андрэй Башан, супрацоўнік цэху «Аміяк-3», СІЗА КДБ;
  • Валянцін Цераневіч, памочнік майстра на заводзе «Хімвалакно» (які ўваходзіць у склад «Гродна Азоту»), намесьнік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу «Гродна Азоту»;
  • Вадзім Яфіменка, супрацоўнік «Хімвалакно»;
  • Дзьмітры Елісееў, супрацоўнік БМЗ, гомельскае СІЗА № 3;
  • Сьвятлана Зыль, былая супрацоўніца БМЗ, гомельскае СІЗА № 3;
  • Аляксандар Гашнікаў, супрацоўнік БМЗ, СІЗА КДБ;
  • Сяргей Дзюба, БЧ, СІЗА КДБ;
  • Максім Саковіч, старшы энэргадыспэтчар БЧ, СІЗА КДБ;
  • Ганна Аблаб, БЧ, СІЗА КДБ;
  • Аляксандар Капшуля, былы юрысконсульт ААТ «Нафтан», заводу «Палімір», СІЗА КДБ.

Праваабаронцы зазначаюць, што прыведзены сьпіс можа быць няпоўным. Магчыма, пакуль невядома пра іншыя затрыманьні ці вызваленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страйк павінен пачацца восеньню. Ён можа стаць пачаткам пляну «Перамога», — Дылеўскі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завезьлі ў «амэрыканку», прынялі перадачы. Што вядома пра затрыманых супрацоўнікаў «Гродна Азоту»