Кіраўнік EPAM Добкін зьвярнуўся да супрацоўнікаў у сувязі са сьмерцю Зельцара і супрацоўніка КДБ

Заснавальнік ІТ-кампаніі EPAM Аркадзь Добкін

EPAM публічна не камэнтаваў надзвычайнае здарэньне, удзельнікам якога стаў працаўнік кампаніі Андрэй Зельцар.

Аднак, паводле dev.by, Аркадзь Добкін зьвярнуўся пісьмова да супрацоўнікаў:

«Калегі, дзень таму мы ўсе даведаліся аб трагедыі ў Менску, у выніку якой загінулі два чалавекі. Цяжка знайсьці правільныя словы, але перш за ўсё гэта трагедыя страты двух чалавечых жыцьцяў, трагедыя для іх дзяцей, іх сем’яў, іх блізкіх — для ўсіх.

Ня маючы пакуль афіцыйна пацьверджанай інфармацыі, мы можам у той жа час абгрунтавана меркаваць, што адным з загінулых быў супрацоўнік нашай кампаніі Андрэй Зельцар.

Мы разумеем, што гэта можа быць нялёгка, але адзінае, пра што б мы хацелі прасіць усіх нас тут — гэта захоўваць вельмі неабходную цяпер разважлівасьць ва ўсім: ва ўчынках, дзеяньнях, словах.

Калі ласка, не ўступайце ў непрадуктыўны абмен думкамі або непацьверджанымі фактамі як унутры нашых карпаратыўных, так і ў вонкавых сацыяльных каналах і мэдыя», — напісаў Добкін.

Перастрэлка ў кватэры з двума загінулымі. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску падчас рэйду КДБ па кватэрах у страляніне загінулі двое. Што вядома?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ і стрэлы ў Менску: якімі будуць наступствы. Дыскусія экспэртаў