«Адзіная крыніца — галаслоўныя сьцьвярджэньні афіцыйных асобаў». Юрыст Зікрацкі пра сьмерць Зельцара

Юрыст Сяргей Зікрацкі

Сяргей Зікрацкі, прадстаўнік каманды Сьвятланы Ціханоўскай у прававых пытаньнях, пракамэнтаваў сьмерць супрацоўніка кампаніі Epam Андрэя Зельцара.

Як адзначае юрыст, прайшло больш за суткі з моманту інцыдэнту, але і ў адмыслоўцаў, і шараговых назіральнікаў застаецца больш пытаньняў, чым адказаў. Сяргей Зікрацкі ў гэтым зьвязку зьвяртае ўвагу на некалькі нюансаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра сьмерць Андрэя Зельцара, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікам КДБ
  • Першае. Адзіная крыніца інфармацыі пра падзею — галаслоўныя сьцьвярджэньні афіцыйных асобаў і змантаваная выніковая карцінка. Хоць відавочна: у праваахоўных органаў ёсьць як мінімум тры поўныя відэа зь месца здарэньня. Натуральна, гэта спараджае абгрунтаваныя сумневы ў дакладнасьці агучанай вэрсіі. Толькі апублічваньне першакрыніц і заключэньні незалежных экспэртаў аб прычынах сьмерці супрацоўніка КДБ і адкрытае расьсьледаваньне гэтай справы можа разьвеяць сумневы ў абгрунтаванасьці афіцыйнай пазыцыі.
  • Другое. Генпракуратура адсправаздачылася аб заканчэньні праверкі ў дачыненьні да супрацоўнікаў сілавых структур, якія застрэлілі Андрэя Зельцара. Ведамства не знайшло парушэньняў і палічыла, што спэцслужбы законна ўжылі зброю, ад якой той памёр. Пры гэтым праз суткі пасьля інцыдэнту няма ніводнага камэнтару, чаму візытэры вырашылі выкарыстаць агнястрэльную зброю, выключыўшы іншыя варыянты. Адсутнасьць поўнага відэа не дае адказу на пытаньне, ці была сьмерць маладога чалавека абумоўленая рэальнай неабходнасьцю ўжываньня зброі ці гэта помста за раненьне калегі.
  • Трэцяе. Вельмі шмат пытаньняў узьнікае да затрыманьня ў якасьці падазраванай у забойстве супрацоўніка КДБ жонкі Андрэя Зельцара, Марыі Усьпенскай. Ці зьяўляецца простае фіксаваньне на відэа падзеяў у кватэры саўдзелам ў забойстве? Або сьледзтва мае іншыя доказы яе ўдзелу ў злачынстве? Пакуль не прадстаўлена дастатковых доказаў дачыненьня жанчыны да правапарушэньня, ніхто ня можа быць упэўненым, што затрыманьне Марыі Ўсьпенскай не зьвязана з жаданьнем утаіць сапраўдную карціну падзеяў.

Сёлета вядомага адваката Сяргея Зікрацкага пазбавілі ліцэнзіі за абарону палітычных зьняволеных, ён быў вымушаны пакінуць Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік EPAM Добкін зьвярнуўся да супрацоўнікаў у сувязі са сьмерцю Зельцара і супрацоўніка КДБ

28 верасьня супрацоўнікі КДБ узламалі дзьверы і ўварваліся ў менскую кватэру, дзе знаходзіліся Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская. Гаспадар нібыта двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы захопу КДБ. У адказ яго застрэлілі, жонку арыштавалі.

Андрэй Зельцар з 2016 году працаваў у менскім офісе кампаніі Epam на пазыцыі тым-ліда. У сужэнцаў застаўся сын.

Перастрэлка ў кватэры з двума загінулымі. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).