Сястра Кім Чэн Ына ўвайшла ў склад кіруючай у КНДР Дзяржаўнай рады

Кім Ё Чжон

Малодшая сястра вярхоўнага лідэра КНДР Кім Чэн Ына, 34-гадовая Кім Ё Чжон увайшла ў склад Дзяржаўнай рады — найвышэйшага органу выканаўчай улады ў краіне.

Склад рады абнавіўся напалову. Пра гэта паведаміла паўночнакарэйскае Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва (ЦТАК).

Перастаноўкі зробленыя ў часе сэсіі Вярхоўнага народнага сходу КНДР. Зь Дзяржаўнай рады выдаленыя 9 чалавек. Сярод іх – 82-гадовы Пак Пон Джу, якога звалі эканамічным дарадцам Кіма. Палітык двойчы займаў пасаду кіраўніка ўраду КНДР і лічыўся пратэжэ дзядзькі Кім Чэн Ына — Чан Сон Тхэка, пакаранага сьмерцю ў 2013 годзе.

У склад дзяржрады ўключаны генэрал арміі, сакратар ЦК кіруючай Працоўнай партыі Карэі Пак Чон Чхон. Некалькі дзён таму ён, паводле афіцыйных паведамленьняў, прысутнічаў пры першым выпрабаваньні паўночнакарэйскай гіпэргукавой ракеты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Карэя заявіла пра выпрабаваньні новай крылатай ракеты

Зь дзяржрады афіцыйна выключаныя некалькі партыйных дзеячоў, якіх раней зьнялі з партыйных пасадаў. У цэлым, паведамляе ўрадавае агенцтва, пасяджэньне прайшло «ў абстаноўцы надзвычайнай рэвалюцыйнай сьвядомасьці і энтузіязму ўдзельнікаў».

Чаму важныя новыя пасады Кім Ё Чжон

У жніўні 2020 году стала вядома, што Кім Чэн Ын перадаў Кім Ё Чжон частку сваіх абавязкаў, фактычна зрабіўшы яе другім чалавекам у дзяржаве. Сястра вярхоўнага лідэра — адзіны публічны палітык у КНДР, за выключэньнем свайго брата, адзначаў у эфіры Радыё Свабода прафэсар унівэрсытэту Кунмін у Сэуле Андрэй Ланькоў.

Яе лічаць найбольш верагодным пераемнікам брата на пасадзе вярхоўнага лідэра КНДР у выпадку ягонай сьмерці. Аднак у патрыярхальным грамадзтве Паўночнай Карэі супраць яе гуляюць яе маладосьць і гендэр.

У 2020 годзе Кім Ё Чжон анансавала зьнішчэньне вузла пастаяннай сувязі паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй. Яе прасоўваньне супала па часе з заявай Кім Чэн Ына пра аднаўленьне каналаў сувязі на пачатку кастрычніка.

У канцы верасьня Кім Ё Чжон заявіла, што КНДР гатовая абвясьціць аб афіцыйным спыненьні карэйскай вайны, у стане якой дзьве Карэі афіцыйна знаходзяцца з 50-х гадоў XX стагодзьдзя. «На Поўдні адчуваецца непераадольна моцнае жаданьне вывесьці міжкарэйскія адносіны з тупіку і як мага хутчэй дасягнуць стабільнасьці. У нас ёсьць такое ж жаданьне», — цытавала ЦТАК яе заяву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлевізія КНДР паведаміла, што Кім Чэн Ын прыкметна схуднеў