Паўночная Карэя заявіла аб выпрабаваньні зэнітнай ракеты

Запуск новай гіпэргукавой ракеты на палігоне Акадэміяй абаронных навук 29 верасьня 2021

Дзяржаўныя СМІ Паўночнай Карэі паведамілі пра тое, што Пхэньян у чацьвер правёў выпрабавальны пуск «новай» зэнітнай ракеты. Гэта ўжо другі за апошні тыдзень запуск ракеты з тэрыторыі Паўночнай Карэі.

«30 верасьня КНДР зрабіла выпрабавальны запуск новай распрацоўкі — зэнітнай ракеты», — паведаміла Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі (ЦТАК).

Як гаворыцца ў паведамленьні ЦТАК, выпрабаваньне, праведзенае паўночнакарэйскай Акадэміяй абаронных навук, павінна было пацьвердзіць практычную функцыянальнасьць пускавой устаноўкі, радараў, комплекснай машыны баявога кіраваньня і баявых характарыстык ракеты.

Мяркуючы па ўсім, паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын не прысутнічаў на выпрабаваньнях, за якімі замест яго назіраў Пак Чжон Чон, член Палітбюро і Цэнтральнага камітэту кіроўнай партыі КНДР .

«Выпрабаваньне мела вельмі практычнае значэньне для вывучэньня і распрацоўкі розных пэрспэктыўных зэнітна-ракетных сыстэм», — гаворыцца ў паведамленьні ЦТАК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Карэя запусьціла дзьве балістычныя ракеты ў мора

У сераду ЦТАК заявіла пра пасьпяховы выпрабавальны запуск яшчэ аднаго новага віду ўзбраеньняў, распрацаванага ў Паўночнай Карэі, — гіпэргукавой ракеты.

Паўднёвакарэйскія вайскоўцы раней паведамлялі, што Паўночная Карэя запусьціла ракету ў бок мора са свайго ўсходняга ўзьбярэжжа.

Як гаварылася ў паведамленьні ЦТАК, новая распрацоўка «павялічвае абароназдольнасьць» Паўночнай Карэі, а гіпэргукавая ракета ўяўляе сабой «стратэгічны від узбраеньня».

У сераду агенцтва France-Presse са спасылкай на крыніцы ў дыпляматычных колах паведаміла, што Рада Бясьпекі ААН зьбярэцца ў чацьвер на пазачарговую сэсію, каб абмеркаваць сытуацыю ў Паўночнай Карэі і заяву аб выпрабаваньні гіпэргукавой зброі.