У інтэрнэце стварылі онлайн-музэй лістоў беларускіх палітвязьняў

Сайт праекту «Ляцяць лісты»

На сайце праекту «Ляцяць лісты» сабрана інфармацыя аб людзях у зьняволеньні, а таксама лісты, якія ад іх атрымалі людзі на волі.

Стваральнікі плятформы — беларусы з розных краін сьвету. Яны пішуць, што мэта онлайн-музэю — захаваць і паказаць лісты палітвязьняў Беларусі як гістарычную каштоўнасьць, тут і цяпер. Сайт працуе на расейскай мове.

Для лягчэйшай працы з матэрыяламі музэю створаны пошук па імені і прозьвішчы зьняволенага, ёсьць фільтры па колькасьці лістоў і па тым, колькі часу чалавек ужо правёў у турме.

З дапамогай рэсурсу таксама можна даведацца, як дапамагчы сем’ям палітзьняволеных, многія зь якіх праз палітычна матываваныя справы супраць сваіх родных апынуліся на мяжы выжываньня.

Кожнаму палітвязьню стваральнікі праекту стварылі профіль, у якім можна прачытаць абставіны крымінальнай справы, убачыць фота самога чалавека і яго лістоў. Пры стварэньні музэю выкарыстоўваліся матэрыялы Праваабарончага цэнтру «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволены праваабаронца Судаленка: «Сьведкі кажуць „дзякуй“, зьвяртаючыся да мяне ў клетку»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты праз краты. «Нас спрабуюць раскалоць на два лягеры, але мы мацнейшыя»