Мужа і жонку за перапіску сёмы раз пакаралі арыштамі. За кратамі яны прабудуць амаль па 100 сутак

Сьледчы ізалятар, ілюстрацыйнае фота

Сужэнцам Сяргею Крупенічу і Анастасіі Крупеніч-Кандрацьевай суд Ленінскага раёну Менску даў чарговыя суткі арышту да ўжо адседжаных Мужу — 15, жонцы — 14. Такім чынам, за кратамі яны адбудуць 99 і 98 дзён адпаведна.

Пра гэта ў сацсетках паведамілі сябры сям'і.

Сяргея і Анастасію затрымалі ў сярэдзіне ліпеня. Ад таго часу іх ужо сем разоў судзілі паводле арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Муж і жонка перасылалі адзін аднаму паведамленьні з тэлеграм-каналаў, якія цяпер прызналі экстрэмісцкімі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падпалкоўніка юстыцыі адправілі ў калёнію за пратэсты, ягонага брата-чыноўніка таксама асудзілі

Пасьля адной зь першых адседак маладыя людзі паехалі ў Польшчу, але неўзабаве вярнуліся. І зноў трапілі за краты.

Сяргею 26 гадоў, ён скончыў БДУІР і працаваў android-распрацоўнікам. Анастасія ў турме адзначыла 27-годзьдзе, яна настаўніца расейскай мовы і літаратуры. Яе кантракт з навучальнай установай заканчваўся ў жніўні.

Цяпер абое знаходзяцца ў турме на Акрэсьціна.