Суд пакінуў журналіста «КП в Беларуси» Мажэйку пад вартай

Генадзь Мажэйка

Суд у Менску адхіліў скаргу адвакатаў Генадзя Мажэйкі.

Суд Партызанскага раёну Менска разгледзеў скаргу адвакатаў на меру стрыманьня журналісту газэты «Комсомольская правда в Беларуси» Генадзю Мажэйку, паведамляе «Вясна».

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, у залі былі толькі абаронцы, пракурор і судзьдзя. Абвінавачанага ў суд не прывезьлі.

За час арышту журналіста кіраўніцтва выданьня ў Маскве вырашыла закрыць беларускае аддзяленьне, а ў Крамлі абмежаваліся словамі аб тым, што не падзяляюць пазыцыю Менску і ня згодныя з блякаваньнем сайту kp.by.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінінфарм не прыходзілі дакумэнты пра закрыцьцё «КП в Беларуси»

Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін назваў абвінавачаньне Генадзю Мажэйку абсурдным.

«У нас няма ніякіх іншых варыянтаў, акрамя як праз нашых юрыстаў даказваць, што гэтае абвінавачаньне абсурднае. Мы будзем выступаць у судзе, калі гэта будзе магчыма; нашы юрысты будуць працаваць, будзем пісаць пра гэта, рабіць усё, што магчыма».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы пісалі і пра Каліноўскага, і пра БНР». Расказваем пра «КП в Беларуси», якую закрываюць празь ціск уладаў

Генадзь Мажэйка. Таямнічае затрыманьне журналіста

  • У канцы верасьня на сайце «Комсомольской правды в Беларуси» зьявілася нататка, дзе адна з аднаклясьніц забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцара добра выказалася пра яго. Аўтарам нататкі быў журналіст Генадзь Мажэйка.
  • Мажэйку затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна ў Менску, у яго дома правялі ператрус.
  • Пры гэтым дакладна невядома, у якой краіне затрымалі Мажэйку. Беларускія сілавікі сьцьвярджаюць, што зрабілі гэта ў Менску, але ёсьць таксама інфармацыя пра тое, што журналіста «КП» выкралі з Масквы.
  • Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін сказаў, што Генадзя Мажэйку будуць абараняць два адвакаты.
  • 4 кастрычніка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль апавясьціў Лукашэнку аб тым, што выступае супраць блякаваньня СМІ на беларускай тэрыторыі, але беларускі бок ня чуе пазыцыі Масквы.
  • 5 кастрычніка прадстаўнік «Комсомольской правды» Валянцін Алфімаў паведаміў, што Генадзь Мажэйка застаўся ў ізалятары пасьля 72 гадзін утрыманьня за кратамі, што азначае тое, што да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Пры гэтым абвінавачаньняў яму ня выставілі.
  • 11 кастрычніка Мажэйку выставілі абвінавачаньні ў распальваньні сацыяльнай варажнечы (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369). Да яго ў жодзінскае СІЗА не пускаюць адваката, спасылаючыся на карантын, а таксама не прымаюць перадачы.