У Савеце бясьпекі Беларусі адрэагавалі на заклік апазыцыі да «новага Нюрнбэргу» супраць рэжыму Лукашэнкі

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч

Прадстаўнік Савету бясьпекі назваў іншыя фігуры для патэнцыйнага міжнароднага суду: Ціханоўская, Латушка ды іншыя апанэнты Лукашэнкі.

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч пракамэнтаваў ідэю міжнароднага трыбуналу над цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі за сьмерці і катаваньні людзей пасьля фальшывых выбараў 2020 году.

«Лёгіка іх прыярытэтаў зразумелая: чым горш для краіны — тым лепш. Чым больш абвінавачаньняў — тым больш выдадуць „пячэнек“. Што тычыцца чарговых мэсыджаў з нагоды так званага Нюрнбэрскага працэсу, дык недапушчальна чуць пра гэтую частачку нашай перамогі над фашызмам ад людзей, якія самі, па сутнасьці, здраднікі. Нагадаю, што працэс у Нюрнбэргу праходзіў у дачыненьні да нацыстаў, якія ажыцьцявілі змову з мэтай злачынных дзеяньняў. І якраз Ціханоўская, Латушка ды іншыя — першачарговыя фігуры для новага Нюрнбэргу», — заявіў Вальфовіч, якога цытуе БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка памяняў трэцяга сакратара Савету бясьпекі за год. Што ён загадаў яму і іншым прызначэнцам

Ён сказаў, што ў адпаведнасьці «зь беларускім заканадаўствам і сусьветнай працэсуальнай практыкай» яны ўжо абвінавачваюцца ў зьдзяйсьненьні крымінальных злачынстваў. Аляксандар Вальфовіч параіў ім задумацца над тым, як прыехаць у Беларусь і панесьці пакараньне з улікам раскаяньня.

11 кастрычніка ў Нюрнбэргу прайшла міжнародная прававая канфэрэнцыя, на якой разглядаліся «злачынствы рэжыму Лукашэнкі». У выніковай дэклярацыі заяўлена, што сабраныя дастатковыя прававыя падставы для пачатку крымінальных спраў паводле ўнівэрсальнай юрысдыкцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пад суд трапяць некалькі сотняў высокапастаўленых асобаў». Юрыст НАК пра тое, якім будзе беларускі Нюрнбэрг

Гаворка пра «злачынствы, зьдзейсьненыя службовымі асобамі рэжыму супраць чалавечнасьці». Зьмешчаны заклік аб стварэньні міжнароднага трыбуналу для іх расьсьледаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэзіс аб прызнаньні Лукашэнкі тэрарыстам сустракае ўсё больш разуменьня на Захадзе», — былы амбасадар Астапенка

Дэклярацыя таксама заклікала не прызнаваць легітымнасьць Лукашэнкі і створаны ім урад, бо ні ён сам, ні ягоныя падначаленыя «ня маюць ні юрыдычнага, ні маральнага права прадстаўляць інтарэсы беларускага народу на міжнароднай арэне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павaл Латушка пра новую крымінальную справу супраць яго: Гэта прызнаньне эфэктыўнасьці НАКу і Офісу Ціханоўскай