У Латвіі ўводзяць надзвычайнае становішча з прычыны каранавірусу

Вакцынацыя ў Латвіі. Ілюстрацыйны здымак

Сэйм Латвіі на пазачарговым пасяджэньні ў чацьвер пацьвердзіў рашэньне ўвесьці ў рэспубліцы на тры месяцы рэжым надзвычайнага становішча для абмежаваньня імклівага распаўсюджваньня каранавірусу.

«У чацьвер, 14 кастрычніка, на пазачарговым пасяджэньні была зацьверджаная пастанова ўраду, у адпаведнасьці зь якой да 11 студзеня 2022 году на ўсёй тэрыторыі краіны абвешчана надзвычайнае становішча, а таксама ўнесеныя дадатковыя абмежаваньні ў розных сфэрах, якія спыняць хуткае распаўсюджваньне COVID-19», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Сэйму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі б людзі бачылі рэальную статыстыку, ставіліся б сур’ёзьней». Як каранавірус атакаваў інвалідаў, пэнсіянэраў і цяжарных

Рашэньне ўраду прадугледжвае ўвядзеньне ў Латвіі з 11 кастрычніка па 11 студзеня пакету жорсткіх антывірусных захадаў з істотнымі абмежаваньнямі для людзей без сэртыфікату аб вакцынацыі супраць COVID-19 або без пацьверджаньняў аб перанесенай хваробе.

З 15 лістапада вакцынацыя ва ўсім дзяржаўным сэктары Латвіі стане абавязковай. Школы працягваюць працу ў вочным рэжыме, дзеці і настаўнікі павінны хадзіць у ахоўных масках, навучэнцаў рэгулярна тэстуюць на ковід.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Факты на стол. Пяць фэйкаў пра каранавірус і вакцынацыю