ГУБАЗіК: Падпіска на тэлеграм-каналы, якія прызнаюцца «экстрэмісцкімі», не караецца

Падпіска на прызнаныя экстрэмісцкімі тэлеграм-каналы не падлягае пакараньню.

Пра гэта, як паведамляе тэлеграм-канал УУС Менскага аблвыканкаму, заявіў начальнік аддзела ГУБАЗіК Вячаслаў Арлоўскі.

Арлоўскі растлумачыў, што міліцыя рыхтавалася да прыняцьця пастановы Саўміну «Аб мерах процідзеяньня экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму» і працавала над дэананімізацыяй «адміністратараў і найбольш актыўных падпісчыкаў экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў і чатаў». Аднак, дадаў ён, прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці змогуць ня ўсіх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлеграм-каналы Сьвятланы Ціханоўскай і плятформы «Голас» прызналі экстрэмісцкімі

«Справа ў тым, што тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус экстрэмісцкага фармаваньня, то яго падпісанты сапраўды могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. Што тычыцца падпіскі на каналы, якія прызнаюцца экстрэмісцкімі матэрыяламі, то яна пакуль не падлягае пакараньню».

Прадстаўнік ГУБАЗіКу заявіў, што да адміністрацыйнай адказнасьці могуць прыцягнуць толькі тых падпісчыкаў, хто «робіць рэпосты, пералічвае грошы ці зьлівае інфармацыю» ў такія каналы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падпіска на канал у сацсетках ня можа лічыцца экстрэмісцкім дзеяньнем, — юрыст

Пастанова была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 14 кастрычніка. Перад яе зьяўленьнем стала актыўна распаўсюджвацца інфармацыя аб тым, што паводле новага закону падпісантаў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў ГУБАЗіК хоча прыцягваць да крымінальнай адказнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьлесар з Наваградку пакінуў камэнтар у Telegram. Яго забралі за «садзейнічаньне экстрэмізму»