Памёр пісьменьнік Юры Станкевіч

Юры Станкевіч

У пятніцу 22 кастрычніка на 77-м годзе жыцьця памёр пісьменьнік Юры Станкевіч. Пра гэта паведамілі ў Фэйсбуку сяброўка сям’і Аляксандра Ракава, выдавец Генадзь Вінярскі, Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Юры Станкевіч нарадзіўся 21 студзеня 1945 году ў Барысаве. Бацька пісьменьніка ў 1946 годзе быў рэпрэсаваны паводле 58-га артыкула Крымінальнага кодэксу і накіраваны ў Карагандзінскі папраўча-працоўны лягер. Юры рана пакінуў школу і пачаў працаваць.

Пасьля заканчэньня факультэту журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту працаваў у «Барысаўскай аб’яднанай газэце». Неўзабаве пераехаў у Менск. Быў літаратурным супрацоўнікам, загадчыкам аддзелу часопіса «Маладосць», загадчыкам аддзелу часопіса «Крыніца». З 1990 году — сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юры Станкевіч: Марціновіч і Бахарэвіч — публіцысты, а Горвата я прачытаў нават два разы

Увайшоў у літаратуру ў 1988 годзе. Напісаў некалькі раманаў, шмат аповесьцяў і апавяданьняў, каля дзясятка п’ес і кінасцэнарыяў.

Найважнейшыя кнігі: «Любіць ноч — права пацукоў» (1998), «Апладненьне ёлупа» (2005), «Мільярд удараў» (2008), «П’яўка» (2010).

Доўгія гады быў зьвязаны з выдавецтвам «Галіяфы», дзе апошнія гады рэгулярна выходзілі яго новыя кнігі і перавыдаваліся ранейшыя творы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чытач Станкевіч: Зь сябрамі-пісьменьнікамі мы размаўляем пра рыбалку і футбол

Быў двойчы намінаваны на літаратурную прэмію «Гліняны Вялес» — за раман «Мільярд удараў» і раман «П’яўка».

У большасьці сваіх твораў маляваў апакаліптычную карціну рэчаіснасьці, што чакае чалавецтва ў недалёкай будучыні.