Новыя інцыдэнты на беларуска-польскай мяжы: стрэл і запісы гукаў дзіцячага плачу

Ілюстрацыйнае фота. На беларуска-польскай мяжы

Пра чарговыя правакацыі зь беларускага боку паведамляе польская памежная служба.

Польскія патрулі заўважылі, што на беларускім баку ўздоўж мяжы езьдзіць машына, зь якой прайграюцца запісы дзіцячых крыкаў і плачу. Ведамства Польшчы называе гэта чарговай правакацыяй.

Таксама паведамляецца, што ўчора, 28 кастрычніка, у бок польскіх жаўнераў быў зроблены стрэл з сыгнальнага пісталета.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міграцыйны крызіс. За дзень трапіць у ЭЗ зь Беларусі спрабавалі амаль 800 мігрантаў

Толькі за 28 кастрычніка польскія памежнікі зафіксавалі 575 спробаў пераходу мяжы зь Беларусі па-за пунктамі пропуску. 7 мігрантаў затрымалі, астатніх разьвярнулі. За дапамогу мігрантам затрымалі 9 чалавек. Агулам у кастрычніку было прадухілена больш за 15 тысяч спробаў пераходу мяжы па-за пунктамі пропуску ў Польшчы.

25 кастрычніка міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак заявіў, што ягонае ведамства выдзеліць яшчэ 2,5 тысячы вайскоўцаў, каб дапамагчы памежнай службе краіны ў ахове мяжы зь Беларусьсю. Усяго дзеля гэтых мэтаў будзе задзейнічана 10 тысяч вайскоўцаў.

Ужо ў першай палове 2022 году Польшча зьбіраецца пабудаваць агароджу на мяжы зь Беларусьсю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны ня плакалі, яны літаральна вылі». Хто таемна дапамагае ўцекачам на мяжы Беларусі і Польшчы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міграцыйны крызіс: другі дзень запар адбываюцца беспарадкі ў літоўскіх лягерах уцекачоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Або Польшча, або сьмерць». Што кажуць мігрантам беларускія памежнікі