У Літве кантрабандыст беларускіх цыгарэт пайшоў на таран, памежнікі адкрылі агонь

У панядзелак, 1 лістапада, пры самай мяжы з Горадзенскім раёнам Беларусі, літоўскія памежнікі заўважылі падазроны аўтамабіль Audi Q5. На патрабаваньне спыніцца кіроўца толькі націснуў на газ, паведаміла літоўская памежная служба.

Памежнікі заблякавалі дарогі ў ваколіцах, і неўзабаве патруль на Toyota Land Cruiser перастрэў уцекача за сем кілямэтраў ад мяжы. Той, аднак, не спыніўся, а павялічыў хуткасьць і пратараніў машыну памежнікаў. Удар прыпаў на пярэдні правы бок, адзін службовец атрымаў лёгкія траўмы.

Кантрабандыст зьбіраўся ўцякаць далей, але адзін з памежнікаў сем разоў стрэліў у маторны адсек «Аўдзі». Машына заглухла і спынілася, а кіроўцу паклалі на зямлю.

Ён аказаўся жыхаром Друскеніцкага муніцыпалітэту. У машыне знайшлі 35 скрыняў цыгарэт зь беларускімі акцызнымі маркамі — у іх было 17 500 пачак.

Кантрабандысту пагражае да 8 гадоў зьняволеньня, зь яго ўзялі падпіску аб нявыезьдзе і адпусьцілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцёкі з пагоняй на Падляшшы. Паліцыя затрымала 8 кур’ераў, якія перавозілі мігрантаў ад мяжы зь Беларусьсю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тытунёвы кароль» Беларусі. Рэжым Лукашэнкі і кантрабанда цыгарэтаў