«Пачалася найбуйнейшая спроба гвалтоўнага ўваходу ў Польшчу», — польскі ўрад пра калёну мігрантаў

Польска-беларуская мяжа

У інтэрнэце зьвіліся відэаролікі, на якіх відаць, як сотні мігрантаў накіроўваюцца каля Брузгоў на Горадзеншчыне ў бок польскай мяжы. Гэтае здарэньне пракамэнтаваў віцэ-міністар замежных справаў Польшчы Пётар Ваўжык.

— Па той бок мяжы ёсьць ёсьць жаданьне выклікаць вялікі інцыдэнт, пажадана са стрэламі і сьмярцямі. — сказаў ён у эфіры Польскага радыё. Рыхтавалася вялікая правакацыя на мяжы ў Кузьніцы Беластоцкай (памежны пераход на польскім баку. — РС). Выглядае, што там будзе спроба сілавога пераходу мяжы.

Мігранты зьбіраюцца выходзіць зь лесу. ВІДЭА

Ваўжык запэўніў, што польскія службы былі падрыхтаваныя да такога разьвіцьця падзеяў і будуць рэагаваць адэкватна.

— Па другі бок мяжы няма разуменьня таго, што адбываецца. Там перакананыя, што яны адбіваюць нейкі напад. — сказаў Ваўжык.

Апісаньне па-арабску: «Тысячы курдзкіх бежанцаў ідуць да польскай мяжы, яны кажуць, што іх мэта — дабрацца да Нямеччыны». Апублікавана ў 8:19, 8 лістапада 2021 г.

«Пачалася найбуйнейшая спроба гвалтоўнага ўваходу ў Польшчу»

На іншых відэазапісах, разьмешчаных у інтэрнэце, мігранты ўжо знаходзяцца побач са стаянкай перад памежным пераходам у Брузгах зь беларускага боку. Побач з натоўпам можна ўбачыць узброеных людзей з сабакамі.

«Пачалася найбуйнейшая спроба гвалтоўнага ўваходу ў Польшчу», — паведаміў прэс-сакратар міністра-каардынатара польскіх спэцслужбаў Станіслаў Жарын.

Паводле Жарына, натоўпам кіруюць беларускія сілавікі. Сфармаваная імі група мігрантаў складаецца пераважна з маладых мужчын.

З пачатку года польскія памежнікі зафіксавалі больш за 30 тысяч спробаў незаконнага перасячэньня польска-беларускай мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая калёна мігрантаў прыйшла да польскай мяжы ў суправаджэньні ўзброеных асоб. ВІДЭА