Кіраўніца МЗС Вялікай Брытаніі ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на Расею

Ліз Трас

На Расеі ляжыць відавочная адказнасьць за тое, каб націснуць на ўлады Беларусі і заклікаць іх спыніць абвастрэньне крызісу і пачаць дыялёг з апазыцыяй — пра гэта напісала міністарка замежных справаў Вялікай Брытаніі Ліз Трас у аўтарскім артыкуле ў газеце Sunday Telegraph.

Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

«Усё больш вострае супрацьстаяньне на мяжы з Польшчай — гэта яшчэ адна спроба рэжыму Лукашэнкі аслабіць бясьпеку ў рэгіёне. Ён выкарыстоўвае мігрантаў, якія знаходзяцца ў роспачы, як пешак у сваёй гульні, у спробе стварыць нестабільнасьць і ўтрымацца ва ўладзе, незалежна ад чалавечай цаны», — напісала Трас.

Яна дадала, што на беларуска-польскую мяжу накіроўваецца група з 50 брытанскіх вайскоўцаў для тэхнічнай падтрымкі польскіх памежнікаў.

Трас падкрэсьліла, што пакласьці канец «ганебнаму штучнаму міграцыйнаму крызісу», які разгараецца на ўсходніх межах Эўропы, павінен прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін.

Міністарка дадала, што Вялікая Брытанія не адвернецца ад сваіх эўрапейскіх саюзьнікаў у складанай сытуацыі. Яна напісала:

«Мы ня проста стаім поруч з Польшчай, паколькі яна нясе на сабе асноўны цяжар гэтага ганебнага штучнага міграцыйнага крызісу, але і салідарныя зь іншымі краінамі „Вышаградзкай чацьвёркі“ — Вугоршчынай, Славаччынай і Чэскай Рэспублікай, і з нашымі сябрамі ў краінах Балтыі і Ўкраіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін раскрытыкаваў пагрозы Менску перакрыць транзыт газу ў Эўропу і паведаміў, што Мэркель і Лукашэнка гатовыя паразмаўляць

У сваю чаргу Ўладзімір Пуцін учора ў эфіры тэлеканалу «Россия-1» заявіў , што Расея гатовая ўсяляк спрыяць вырашэньню сытуацыі зь мігрантамі, якая склалася на мяжы Беларусі і ЭЗ, калі ад яе нешта будзе залежаць.

Прэзыдэнт РФ таксама паведаміў, што даведаўся аб міграцыйным крызісе са СМІ і ніколі раней не абмяркоўваў гэтае пытаньне з Аляксандрам Лукашэнкам. «Пра тое, што адбываецца на польска-беларускай мяжы, я асабіста даведаўся са СМІ, ніколі не абмяркоўваў гэтае пытаньне з Лукашэнкам раней. Толькі вось калі ўзьнік гэты крызіс мы зь ім двойчы па тэлефоне гаварылі», — растлумачыў Пуцін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін і Мэркель абмеркавалі востры міграцыйны крызіс на межах Беларусі з ЭЗ

Раней ён выказаў спадзяваньне, што Лукашэнка і выканаўца абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангела Мэркель у найбліжэйшым часе правядуць размову і таксама абмяркуюць сытуацыю на мяжы ЭЗ і Беларусі.