Прывёў сваю партыю да перамогі
Олаф Шольц, цяперашні віцэ-канцлер і міністар фінансаў, належыць да прагматычнага і рынкавага крыла сацыял-дэмакратаў. Як кандыдат гэтай партыі ў канцлеры ён узьняў яе рэйтынг, дзякуючы чаму яна пераканаўча перамагла на выбарах, апярэдзіўшы хрысьціянскіх дэмакратаў, зь якімі яны цяпер ствараюць урад. У склад новай кааліцыі разам з СДПН увайшлі «Зялёныя» і Свабодная дэмакратычная партыя, перадае агенцтва DPA.
Выбары ў Бундэстаг прайшлі напрыканцы верасьня. Блёк хрысьціянскіх дэмакратаў, да якога належыць дзейны канцлер Ангела Мэркель, страціў 48 месцаў у парлямэнце, сацыял-дэмакраты атрымалі на 53 крэслы больш, чым было ў іх да выбараў.
Паўнамоцтвы Мэркель афіцыйна ўжо спыніліся, аднак яна працягвае выконваць свае абавязкі да таго, як будзе сфармаваны новы ўрад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркель лічыла Беларусь зонай расейскага ўплыву, новы нямецкі ўрад можа гэта зьмяніць, — Аляксандар ФрыдманПалітычная кар'ера Олафа Шольца
63-гадовы Шольц ужо дзесяцігодзьдзі зьяўляецца вядучым палітыкам, абазнаны ў законах і дынаміцы палітычных працэсаў. Як кіраўнік рэгіянальнага аддзяленьня СДПН у Гамбургу (Freie und Hansestadt Hamburg), ён перамог на рэгіянальных выбарах 20 лютага 2011 году, стаўшы мэрам Гамбургу. Паколькі гэты горад — асобная фэдэральная зямля, гэтая пасада адпавядае пасадзе прэмʼер-міністра ў іншых фэдэральных землях Нямеччыны.
Шольца называюць «надзвычай сьціплым і непатрабавальным». Калі ён выйграў выбары ў Гамбургу абсалютнай большасьцю галасоў, ён сказаў, што хоча «кіраваць як належыць».
Ён пакінуў пасаду мэра Гамбургу 13 сакавіка 2018 году, а на наступны дзень быў прызначаны віцэ-канцлерам і міністрам фінансаў Нямеччыны.
Са сваёй жонкай Брытай Эрнст ён жанаты з 1998 году, яна таксама вопытны палітык СДПН, міністар адукацыі, моладзі і спорту Брандэнбургу. Бязьдзетная пара жыве ў Потсдаме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцэ-канцлер Нямеччыны падтрымаў народ БеларусіПазыцыя адносна Беларусі
- Олаф Шольц публічна выказваўся пра Беларусь у сувязі з пратэстамі супраць Аляксандра Лукашэнкі ў жніўні 2020 году, заклікаючы да яго адстаўкі і называючы яго «жахлівым дыктатарам». Тады ж віцэ-канцлер выказаўся за тое, што Эўразьвяз павінен заняць «рашучую і ясную» пазыцыю ў беларускім пытаньні.
- На пасадзе віцэ-канцлера восеньню 2020-га Шольц сустракаўся са Сьвятланай Ціханоўскай. «Сьвятлана Ціханоўская — адважны змагар за дэмакратыю і грамадзянскія правы ў Беларусі. Яна ўносіць важны ўклад у дэмакратычныя пераўтварэньні ў сваёй краіне. Цяжкае становішча пратэстоўцаў засмучае», — напісаў ён у Twitter.
1/2 Swetlana Tichanowskaja ist eine mutige Kämpferin für Demokratie und Bürgerrechte in Belarus. Sie leistet einen wichtigen Beitrag für demokratische Veränderungen in ihrem Land. Die schwierige Lage der Protestierenden ist bedrückend.... pic.twitter.com/ZtJLWoJfpF
— Olaf Scholz (@OlafScholz) October 7, 2020
- Пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у траўні 2021 году Шольц быў сярод тых, хто першым заклікаў Эўразьвяз да больш рашучых санкцый. Ён таксама заклікаў Уладзіміра Пуціна ўступіцца за Рамана Пратасевіча.
- Выказваючыся 15 лістапада пра сытуацыю зь мігрантамі на мяжы Беларусі і Польшчы, Шольц назваў Аляксандра Лукашэнку «дыктатарам», які выкарыстоўвае людзей, даведзеных да роспачы, у «ганебнай гульні», каб аказаць ціск на Эўрапейскі Зьвяз. «І ня трэба нічога хаваць, ён страціў усялякую легітымнасьць», — заявіў Шольц.
- Нямецкі палітык выказаўся ў падтрымку пашырэньня Радай ЭЗ крытэрыяў санкцый у дачыненьні да Беларусі і выказаў упэўненасьць, што гэтая мера з боку Эўрапейскага Зьвязу — слушны адказ на дзеяньні Беларусі.
- Олаф Шольц заявіў, што «паводзіны Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі зь мігрантамі на мяжы з Польшчай павінны і будуць мець наступствы», і дадаў: «Тое, што робіць Лукашэнка, гэта безадказна. Гэта дыктатар, які не карыстаецца больш падтрымкай свайго народу, кіруе, ужываючы гвалт, адправіў многіх апазыцыянэраў у турмы».
Пазыцыя па Ўкраіне і Расеі
- Яшчэ ў перадвыбарных тэледэбатах Шольц неаднаразова адказваў на пытаньні аб бясьпецы Ўкраіны і крытыкаваў кіраўніцтва Расеі за акупацыю Крыму і агрэсію на ўсходзе Ўкраіны і ў Азоўскім моры.
- Ён крытыкаваў Крэмль за ціск на грамадзянскую супольнасьць, а таксама выказваўся пра атручэньне Навальнага: «Шакуе тое, што змагара за дэмакратыю зьбіраліся прымусіць замаўчаць».
- Адносна Паўночнага патоку — 2 ён, з аднаго боку, выступае за завяршэньне будаўніцтва газаправоду, з другога — адстойвае гарантыі бясьпекі Ўкраіны.
- Олаф Шольц перакананы, што Нямеччыне патрэбная «новая ўсходняя палітыка». Ён таксама заклікаў Расею і іншыя краіны прыняць далейшую эўрапейскую інтэграцыю. «Мы ня хочам вяртацца да палітыкі 17, 18 і 19 стагодзьдзяў, калі палітыку адна з адной рабілі вялікія дзяржавы — Расея, Нямеччына, Францыя, Англія. Замест гэтага, калі мы хочам гарантаваць агульную бясьпеку ў Эўропе, гэта, безумоўна, тычыцца Эўразьвязу і Расеі», — заявіў Олаф Шольц.