«Белавія», «Цэнтаркурорт», «Гродна Азот». Хто заўтра папоўніць санкцыйны сьпіс Эўразьвязу

«Гродна Азот», Горадня. Архіўнае фота.

У сьпіс увайшлі прадпрыемствы зь Беларусі, Сырыі і Турэччыны, а таксама беларускія памежнікі, судзьдзі і прапагандысты.

Паводле крыніцы Радыё Свабода ў Брусэлі, сьпіс з 17 чыноўнікаў і 11 арганізацый ухваляць 1 сьнежня. Санкцыі пачнуць дзейнічаць з дня падпісаньня і публікацыі.

Эўрапейская Рада ўнесла зьмены ў крытэры прызначэньня санкцый, каб «дазволіць прымяненьне мэтавых абмежавальных захадаў у дачыненьні фізычных і юрыдычных асобаў, аб’ектаў або органаў, якія арганізуюць або спрыяюць дзейнасьці рэжыму Лукашэнкі ў садзейнічаньні незаконнаму перасячэньню зьнешніх межаў дзяржавы-члена або кантрабандзе забароненых або небясьпечных грузаў на тэрыторыю дзяржавы-сябра».

Асобы, якія трапяць пад санкцыі:

  • Ігар Кручкоў, начальнік асобнай службы актыўных мерапрыемстваў спэцназу Дзяржаўнага памежнага камітэту;
  • Анатоль Лапо, генэрал-лейтэнант, кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь;
  • Канстанцін Моластаў, начальнік Горадзенскай памежнай групы;
  • Павал Харчанка, начальнік Полацкай памежнай групы;
  • Ігар Гутнік, начальнік Берасьцейскай групы аховы;
  • Аляксандар Давідзюк, кіраўнік Лідзкага памежнага атраду;
  • Максім Бутранец, кіраўнік Смаргонскага памежнага атраду;
  • Анатоль Глаз, прэс-сакратар МЗС Беларусі;
  • Сяргей Епіхаў, судзьдзя Менскага раённага суду;
  • Ігар Любавіцкі, судзьдзя Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь;
  • Сяргей Гіргель, старшы пракурор Генэральнай пракуратуры;
  • Валянціна Кулік, судзьдзя Вярхоўнага суду;
  • Андрэй Пракапук, выканаўчы дырэктар у фінансавых расьсьледаваньнях Дзяржкантролю;
  • Ігар Маршалаў, дырэктар Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантролю;
  • Ганна Сакалоўская, судзьдзя Калегіі Вярхоўнага суду ў грамадзянскіх справах;
  • Марат Маркаў, кіраўнік тэлеканала АНТ;
  • Дзьмітры Карсюк, судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Беларусі.

Кампаніі і арганізацыі, якія апынуцца пад санкцыямі:

  • авіякампанія «Белавія»;
  • турыстычная фірма «Цэнтаркурорт»;
  • турыстычнае агенцтва «Оскартур»;
  • гатэль «Мінск»;
  • гатэль «Плянэта»;
  • Асобная служба актыўных мерапрыемстваў (АСАМ);
  • авіякампанія Cham Wings Airlines (Сырыя);
  • пашпартна-візавы цэнтар VIP Grub (Турэччына);
  • «Гродна Азот»;
  • «Беларусьнафта»;
  • «Гродна Хімвалакно»;
  • «Белшына».

Гэта будзе пяты пакет санкцый супраць тых, хто падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Яны пакараныя за тое, што дапамагалі антыдэмакратычнай палітыцы сваімі дзеяньнямі або фінансава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Алексін дарыў Лукашэнку, як атрымаў свой капітал і чаму яго абараняла Латвія? Расьсьледаваньне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва ацэньвае магчымасьць ініцыяваць міжнародны суд над Лукашэнкам

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».