У Менску разьвіталіся з журналістам Раманам Якаўлеўскім, які памёр ад наступстваў каранавірусу

Раман Якаўлеўскі. Архіўнае фота.

Раман Якаўлеўскі памёр 27 лістапада ад наступстваў каранавірусу, хоць першачаргова шпіталізавалі з хваробай сэрца. Пасьля крэмацыі яго падхаваюць у магілу бацькоў на Ўсходніх могілках Менска.

Раману Якаўлеўскаму было 68 гадоў. Апошнія паўмесяца ён правёў у шпіталі, дзе мэдыкі дыягнаставалі ішэмічную хваробу сэрца, а пасьля лекавалі ад каранавірусу. Спачатку знаходзіўся на апараце падачы кіслароду, пасьля — на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Разьвітаньне з Раманам Якаўлеўскім. Менск, 30 лістапада 2021 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр журналіст Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі — аглядальнік шэрагу беларускіх і замежных мэдыяў. Супрацоўнічаў з выданьнямі «Белорусская деловая газета», «Белорусская газета», «Белорусы и рынок», агенцтвам Delfi ды іншымі. Рэгулярна выступаў з камэнтарамі на Радыё Свабода.

Спэцыялізаваўся ў сфэры міжнароднай палітыкі і дыпляматыі, меў шчыльныя стасункі з амбасадарамі і вайсковымі аташэ, валодаў эксклюзіўнай інфармацыяй. На разьвітаньне зь ім прыйшлі прадстаўнікі польскай дыпмісіі.

Разьвітаньне з Раманам Якаўлеўскім. Менск, 30 лістапада 2021 году.

«Для мяне галоўнае ў ім — дабрыня. Надзвычай глыбокае слова, у якім — цэлы канцэпт годнага жыцьця. Дабрасардэчнасьць. Дабрадушнасьць. Дабрасумленнасьць. Дабрасуседзтва. Няўжо ня гэта мы шукаем у людзях? У ім было ўсё, адсюль і такі боль, эмацыйны абвал душы. Бывай, чалавек Дабра», — сказаў на развітантьне адзін з заснавальнікаў і рэдактараў газэты «Свободные новости» Аляксандар Уліцёнак.

З прычыны каранавірусу разьвітваліся з журналістам Якаўлеўскім абмежаваны час у менскім крэматорыі. Многія ягоныя калегі і сябры не змаглі прысутнічаць на жалобнай цырымоніі, бо цяпер яны самі або на вымушанай ізаляцыі або ў палітычнай эміграцыі.

Менскі крэматорый, дзе прайшло разьвітаньне з Раманам Якаўлеўскім. Менск, 30 лістапада 2021 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якаўлеўскі: «Так збудаваны сьвет, што лёс народаў залежыць ад дзьвюх пэрсонаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якаўлеўскі: «У апошні час Шарамет шмат пісаў пра нацыянальную сьвядомасьць»