Дзяржсакратар ЗША: Злучаныя Штаты разам з Эўразьвязам рыхтуюць новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў у Рызе, што Злучаныя Штаты разам зь Эўразьвязам рыхтуюць дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Выступаючы на брыфінгу ў сталіцы Латвіі, Блінкен адзначыў, што «у сьвятле дэстабілізуючых дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі Паўночнаатлянтычная рада прыпыніла супрацоўніцтва з Беларусьсю. Злучаныя Штаты рыхтуюць дадатковыя санкцыі ў цесным супрацоўніцтве з Эўрапейскім зьвязам і іншымі партнэрамі і саюзьнікамі».

«Мы заклікаем рэжым неадкладна спыніць выкарыстаньне мігрантаў у якасьці палітычнай зброі. Мы будзем патрабаваць ад рэжыму адказнасьці за яго грэбаваньне дэмакратыяй, правамі чалавека і вяршэнствам закона» — сказаў дзяржсакратар ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША па-ранейшаму будуць удзяляць увагу міграцыйнаму крызісу ў Беларусі, — дзяржсакратар Энтані Блінкен

У інтэрвію LTV Блінкен пацьвердзіў сваю заяву, дадаўшы, што дадатковыя санкцыі будуць уведзеныя ня толькі з прычыны выкарыстаньня Лукашэнкам мігрантаў у якасьці палітычнай зброі, але і ў сувязі з "ушчамленьнем правоў беларускага народа".

Блінкен высока ацаніў падтрымку беларускай апазыцыі і дэмакратыі з боку Латвіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Латвіі: сёньня ў Брусэлі абмяркоўвалі ня толькі пяты, але і шосты пакет санкцый супраць Беларусі