Хроніка перасьледу 6 сьнежня: пасадзілі на «суткі» экалягічнага актывіста Тушынскага, актывістку «Зьвяна» Сяменчанку

Суд Фрунзэнскага раёну Менску. Архіўнае фота.

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Агляд выракаў судоў, ператрусаў і затрыманьняў за 6 сьнежня.

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску разгледзелі справу Дзяніса Тушынскага, паведамляе «Экадом».

Яго затрымалі 3 сьнежня пасьля ператрусу ў кватэры. У Фрунзэнскім РУУСе на Дзяніса склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Суд Фрунзэнскага раёну Менску пакараў актывіста 15-суткавым арыштам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фрылансэра Свабоды Андрэя Кузьнечыка пакаралі яшчэ 10 суткамі арышту, прэзыдэнт Радыё Свабода патрабуе яго вызваленьня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заснавальніка Symbal.bу Белавуса арыштавалі яшчэ на 13 сутак. Стала вядома, што папярэдні раз яго судзілі за татуіроўку

Актывістку «Зьвяна» Юлію Сяменчанку арыштавалі на 14 сутак

Дырэктарка грамадзкага аб'яднаньня «Зьвяно» Тацяна Гацура-Яворская паведамляе ў фэйсбуку, што 3 сьнежня затрымалі Юлію Сяменчанку — адну зь фігурантак крымінальнай справы супраць «Зьвяна». Каля 7:30 у пятніцу да дзяўчыны прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКу, правялі ператрус і павезьлі на допыт. Юлія адмовілася даваць паказаньні без адваката. Потым яе перавезьлі ў Ленінскае РУУС, дзе склалі пратакол паводле артыкула 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Гацура-Яворская адзначае, што, згодна з паказаньнямі сьведак і пратаколам, Юлія нібыта сама прыйшла ў РУУС, дзе пачала «паводзіць сябе агрэсіўна і задзірліва, гучна крычаць, нецэнзурна лаяцца».

Акрамя гэтага, рапарт быў датаваны 13 сьнежня, таму суд зрабіў перапынак, каб выправілі памылкі. Сёньня над Сяменчанкай у судзе Ленінскага раёну адбыўся суд. Вынік — 14 сутак арышту.

  • Дзейнасьць арганізацыі «Зьвяно», якая маніторыла сыстэму аховы здароўя ва ўмовах пандэміі, спынілі сёлета на падставе папярэджаньняў Мін'юсту. Пасьля фотавыставы, прысьвечанай беларускім мэдыкам, якія змагаліся з COVID-19, пяцёх арганізатараў выставы, у тым ліку Тацяну Гацуру-Яворскую, затрымалі. Тацяна правяла за кратамі больш за 10 дзён і выйшла зь СІЗА на Валадарскага як падазроная ў крымінальнай справе. У гэтым статусе яна застаецца і цяпер.