Свабодны прафсаюз выступіў у падтрымку працаўнікоў, якіх звальняюць пад палітычным ціскам

Працоўная кніжка, ілюстрацыйнае фота

Незалежны прафсаюз рэкамэндуе не пагаджацца на звальненьне паводле дамовы бакоў.

Паводле прэзыдыюму СПБ, звальненьне работнікаў апошнім часам стала масавай зьявай.

«Найперш пад гэты прэс трапляюць людзі, якія праявілі сваю грамадзянскую пазыцыю ў пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў. Таксама для прымусу да звальненьняў наймальнікі выкарыстоўваюць незаконна атрыманыя сьпісы сябраў Свабоднага прафсаюзу альбо проста работнікаў, якія заявілі аб сваім жаданьні ўступіць у шэрагі арганізацыі.

Гэта нельга расцэньваць інакш як дыскрымінацыю», — гаворыцца ў заяве Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка выказаўся за чысткі ў намэнклятуры і прапанаваў нязгодным эміграваць

«Для тых, хто ініцыюе звальненьні, нагадваем: у адпаведнасьці з Працоўным кодэксам забараняецца любая дыскрымінацыя. То бок абмежаваньне ў працоўных правах або атрыманьне пераваг у залежнасьці ад полу, расы, нацыянальнага і сацыяльнага паходжаньня, мовы, рэлігійных ці палітычных перакананьняў, удзелу або няўдзелу ў прафсаюзах або іншых грамадзкіх аб’яднаньнях, маёмаснага або службовага становішча, узросту, месца жыхарства, недахопаў фізычнага або псыхічнага характару, якія не перашкаджаюць выкананьню адпаведных абавязкаў, іншых абставін, не зьвязаных зь дзелавымі якасьцямі і спэцыфікай працоўнай функцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша ніва»: на Беларускай чыгунцы новая хваля палітычных звальненьняў

У прафсаюзе нагадваюць, што права на працу — неадʼемнае права чалавека. Таму работнік, які зазнаў дыскрымінацыю, падлягае аднаўленьню з выплатай сярэдняга заробку за вымушаны прагул.

Там рэкамэндуюць не пагаджацца на звальненьне паводле пагадненьня бакоў, а ў выпадку звальненьня на прамых або ўскосных дыскрымінацыйных падставах зьвяртацца ў суд, каб зафіксаваць факт парушэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выкладчыцу БДУ, затрыманую падчас заняткаў, асудзілі на 15 сутак

Свабодны прафсаюз гарантуе сваім сябрам юрыдычную і матэрыяльную падтрымку ў выпадку незаконнага звальненьня.

«Вінаватыя панясуць за незаконныя дзеяньні непазьбежнае пакараньне», — падсумоўваецца ў заяве.

Апошнім часам з розных куткоў Беларусі прыходзяць паведамленьні пра масавыя звальненьні людзей «за палітыку». Разнарадкі прыходзяць з грыфам «для службовага карыстаньня», а прычыны страты працы самыя розныя — ад пакараньня паводле народнага артыкула 24.23 і выказваньне на працы сваёй пазыцыі да подпісу не за таго кандыдата на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах ці ўдзелу ў назіраньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Чорныя сьпісы“ на звальненьне — падрыхтоўка да рэфэрэндуму». Што расказалі беларусы, якія страцілі працу праз «палітыку»

Факты масавых звальненьняў зафіксаваныя ў менскім і рэгіянальных аддзяленьнях Беларускай чыгункі, на прадпрыемствах і ў мэдычных установах Гомля, у менскай Акадэміі мастацтваў, Белдзяржунівэрсытэце, а таксама ў філярмоніях, музэях, тэатрах і галерэях па ўсёй Беларусі.