Гаспадара бел-чырвона-белай хаты ля Полацку асудзілі на 25 дзён арышту

Вёска Алёшча Полацкага раёну, хата Анатоля Каханчыка

Летась жыхар Полацка Анатоль Каханчык намаляваў на бацькоўскай хаце ў вёсцы Алёшча дзьве белыя і чырвоную палосы, а ў акне павесіў «Пагоню». Пасьля гэтага пачаліся праблемы.

20 сьнежня затрымалі гаспадара бел-чырвона-белай хаты ля Полацку Анатоля Каханчыка. Яму пагражалі крымінальнай справай, калі ён не перафарбуе дом.

21 сьнежня праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што Анатоля Каханчыка пакаралі 25-дзённым арыштам паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне). Яго затрымалі 20 снежня, калі ён прыйшоў па позьве ў міліцыю. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён абвясьціў сухое галадаваньне.

Каханчыка ўжо судзілі за дом у нацыянальных колерах як за «несанкцыянаваны пікет», а цяпер пагражаюць і крымінальнай справай за нібыта «злоснае хуліганства».

Мужчына даведаўся пра гэта ў зьняволеньні, калі адбываў 15 содняў за рэпост артыкулаў з так званых «экстрэмісцкіх» інтэрнэт-рэсурсаў.

«Калі яшчэ сядзеў, мяне выклікалі да сьледчага. Той паказаў стос папераў, маўляў, рыхтуецца крымінальная справа за злоснае хуліганства, калі я не перафарбую сваю хату. Я сказаў, што як толькі вы распачняце крымінальную або адміністрацыйную справу, я ў той самы дзень пішу заяву на сухое галадаваньне», — расказаў Анатоль Каханчык «Радыё Рацыя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара станцыі на мяжы з Расеяй арыштавалі на 7 дзён за бела-чырвона-белыя палосы на хаце

Старшыня Маласітнянскага сельсавету неаднаразова скардзіўся ў міліцыю на «бел-чырвона-белую» хату. Аднойчы ўначы на падворку Анатоля Каханчыка зьявіліся невядомыя людзі, якія зафарбавалі карычневым колерам чырвоную паласу паміж белых, а «Пагоню» запэцкалі фарбай проста паверх шыбы звонку.

Вярнуўшыся пасьля адміністрацыйнага арышту, гаспадар аднавіў першапачатковыя фарбы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гаспадар бел-чырвона-белай хаты адмовіўся яе перафарбоўваць: «Хай трымаюць за кратамі»