У Менску зьявіўся бульвар 17 Верасьня

Стадыён «Дынама» ў Менску. Кагадзе побач зь ім зьявіўся бульвар 17 Верасьня

Дэпутаты прысвоілі назвы некаторым вуліцам і кварталам у сталіцы.

Бульвар у межах вуліц Кірава, Леніна, Ульянаўскай і стадыёну «Дынама» атрымаў назву «бульвар 17 верасьня», гэта адбылося «ў гонар дня народнага адзінства», пішуць «Минск-Новости».

Таксама ў раёне Масюкоўшчына зьявілася вуліца імя расейскага пісьменьніка Сьцяпана Злобіна, а ў цэнтры гораду афіцыйна займелі назвы гістарычныя кварталы: Верхні Горад, Ракаўскае Прадмесьце і Траецкая Гара.

Нагадаем, што раней улады ня раз адмаўляліся прысвоіць сталічнай вуліцы імя славутага беларускага пісьменьніка Васіля Быкава.

Дата 17 верасьня — неадназначная ў беларускай гісторыі. Яе па-рознаму ўспрымаюць і ацэньваюць айчынныя гісторыкі, а ў Польшчы прызначэньне дзяржаўнага сьвята ў Беларусі на гэтую дату выклікала вострую крытыку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскі гарвыканкам адмовіўся абмяркоўваць перайменаваньне вуліцы Карла Маркса ў гонар Васіля Быкава
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лідзе зьявілася вуліца 17 верасьня. Такіх у Беларусі звыш 90
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвяткуючы 17 верасьня, перш за ўсё ўлада хоча паказаць дулю суседзям, палякам, — Пашкевіч