Памёр актор Віталь Быкаў, які сыграў у фільмах «Знак бяды», «Корцік» і «Бронзавая птушка»

Віталь Быкаў, фота з сайту Менскага драматычнага тэатру імя Горкага

Беларускі актор тэатру і кіно Віталь Быкаў памёр ва ўзросьце 80 гадоў. Пра гэта 27 сьнежня паведамілі на сайце Менскага драматычнага тэатру імя Горкага.

«Мы страцілі таленавітага артыста. Яго адыход — цяжкая і незаменная страта для ўсіх нас. Тэатар і калегі выказваюць свае шчырыя спачуваньні сябрам і блізкім у сувязі са сьмерцю Віталя Міхайлавіча», — гаворыцца ў нэкралёгу на сайце тэатру.

Віталь Быкаў нарадзіўся 26 чэрвеня 1941 году ў горадзе Даўгаўпілсе ў Латвіі. У 1964 годзе скончыў Ленінградзкі дзяржаўны інстытут тэатру, музыкі і кіно.

У менскім Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага служыў з 1972 году і сыграў там больш за 60 роляў.

Таксама Віталь Быкаў зьняўся ў вялікай колькасьці кінафільмаў, сярод якіх легендарныя карціны «Корцік» (1973), «Бронзавая птушка» (1974), «Знак бяды» (1986), «У чэрвені 41-га» (2008) і іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнілі кіраўніка Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі Аляксандра Гарцуева