Офіс Ціханоўскай, Каардынацыйная рада і НАК зрабілі заяву наконт рэфэрэндуму

У першым шэрагу зьлева направа Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская і Вольга Кавалькова на канфэрэнцыі беларусаў сьвету ў Вільні 24 верасьня 2021

Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада і Нацыянальнае антыкрызіснае кіраўніцтва (НАК) распаўсюдзілі заяву адносна прызначанага на 27 лютага рэфэрэндуму аб зьменах у Канстытуцыю.

У суправаджальным лісьце да заявы гаворыцца, што ў ёй выкладзеная «агульная пазыцыя дэмакратычных сілаў» і што яна накіраваная ў Эўразьвяз, ЗША, Вялікую Брытанію і ў АБСЭ.

Заяву падпісалі Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўніца Каардынацыйнай Рады Вольга Каралькова і кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка.

У заяве, сярод іншага, адзначаецца, што «ў выніку паразы на выбарах Лукашэнка і ўся выканаўчая ўлада страціла сваю легітымнасьць, права прадстаўляць інтарэсы народу і прымаць палітычныя рашэньні ад яго імя. Ва ўмовах палітычных рэпрэсій само правядзеньне рэфэрэндуму немагчымае: у краіне каля тысячы палітвязьняў, амаль трыста ліквідаваных НДА, забаронена дзейнасьць практычна ўсіх незалежных СМІ. Як вынік — адсутнічаюць магчымасьці для свабоднага абмеркаваньня прапанаваных паправак, выбарчыя камісіі фармуюцца непразрыста, а незалежнае назіраньне за працэсам галасаваньня немагчымае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызначыў рэфэрэндум аб Канстытуцыі на 27 лютага

На думку аўтараў заявы, «у любым выпадку, галасаваньне як „за“ так і „супраць“ паправак будзе прымальнае для Лукашэнкі, але ня будзе адлюстроўваць волю народу. Электаральная кампанія, якая адзіна адпавядае інтарэсам беларусаў, — гэта дэмакратычныя выбары новага прэзыдэнта па міжнародных стандартах пасьля вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саюз з Расеяй, зьмена Канстытуцыі і непрызнаньне. Як раней праходзілі рэфэрэндумы ў Беларусі

«Мы не прызнаем за Лукашэнкам права прызначаць рэфэрэндум і адзначаем, што ва ўмовах парушэньня ўсіх грамадзянска-палітычных правоў немагчыма забясьпечыць адкрытыя, дэмакратычныя працэсы абмеркаваньня новай рэдакцыі Канстытуцыі і галасаваньня, — гаворыцца ў заяве. — Мы заклікаем грамадзянаў Беларусі абвясьціць вотум народнага недаверу рэжыму Лукашэнкі: прыйсьці на ўчасткі і зрабіць бюлетэні несапраўднымі любым зручным і даступным ім спосабам. Гэта адзіная легальная і бясьпечная магчымасьць пратэсту супраць "рэфэрэндуму" ў Беларусі сёньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта ўлады рыхтуюць рэфэрэндум, які не патрэбен ані Лукашэнку, ані грамадзтву

Аўтары заявы зьвяртаюцца да кіраўнікоў усіх дэмакратычных дзяржаў і міжнародных арганізацый з заклікам «аказаць рашучую падтрымку беларусам у барацьбе за свабоду і дэмакратыю».

Ім, у прыватнасьці, прапануецца:

  • «Выступіць з афіцыйнымі заявамі аб непрызнаньні за Лукашэнкам права на правядзеньне рэфэрэндуму. Гэта пазбавіць рэфэрэндум якой-небудзь палітычнай і юрыдычнай значнасьці, перакрэсьліць пляны рэжыму на аднаўленьне страчанай легітымнасьці»
  • «Заявіць, што ў выпадку працягу рэпрэсій у дачыненьні да беларусаў, якія не падтрымліваюць імітацыйны „рэфэрэндум“, супраць рэжыму Лукашэнкі будуць ужытыя далейшыя кансалідаваныя санкцыі»
  • «Зноў публічна падтрымаць патрабаваньні беларускага народу аб тым, што адзіным устойлівым выхадам з крызісу ў Беларусі зьяўляецца вызваленьне палітвязьняў і правядзеньне новых датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў пад міжнародным наглядам».

Поўны тэкст заявы зьмешчаны на ангельскай мове на сайце Сьвятланы Ціханоўскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская: «Вобраз Беларусі як мірнай і дружалюбнай краіны разбураны канчаткова»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Літвы: размаўлялі пра транзыт і сьвяткаваньне Дня Волі