У Буркіна-Фасо адбылася страляніна каля лягеру, дзе ўтрымліваюць падазраваных у вайсковым перавароце

Пасьля адной з атак баевікоў у Буркіна-Фасо

Раніцай у нядзелю ў галоўным вайсковым лягеры ва Ўагадугу вялі моцны агонь.

Страляніна ў лягеры Сангуле Лямізана, у якім знаходзіцца генэральны штаб арміі і турма, пачалася прыкладна а 8-й раніцы па беларускім часе, піша Reuters. Агонь вялі прыкладна 2,5 гадзіны.

Сярод зьняволеных турмы ёсьць салдаты, якія ўдзельнічалі ў няўдалай спробе дзяржаўнага перавароту ў 2015 годзе.

Карэспандэнт Reuters бачыў, як салдаты стралялі ў паветра ў лягеры.

Урады Заходняй і Цэнтральнай Афрыкі прыведзеныя ў стан гатоўнасьці да пераваротаў пасьля пасьпяховых путчаў за апошнія 18 месяцаў у Малі і Гвінэі. Вайскоўцы таксама ўзялі ўладу ў Чадзе летась пасьля таго, як прэзыдэнт Ідрыс Дэбі загінуў на полі бою.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Судану сышоў у адстаўку на фоне масавых пратэстаў

Улады Буркіна-Фасо арыштавалі дзясятак жаўнераў у пачатку студзеня 2022 па падазрэньні ў змове супраць ураду. Арышты адбыліся пасьля зьменаў у кіраўніцтве арміі ў сьнежні, якія некаторыя аналітыкі расцанілі як спробу прэзыдэнта Роха Кабарэ ўмацаваць сваю падтрымку ў войску.

Рост гвалту ў заходнеафрыканскай краіне з боку ісламісцкіх баевікоў, зьвязаных з «Аль-Каідай» і «Ісламскай дзяржавай», празь якія летась загінула больш за 2000 чалавек, прывёў да гвалтоўных вулічных пратэстаў у лістападзе, якія заклікалі Кабарэ сысьці ў адстаўку. Новыя дэманстрацыі плянаваліся на суботу, але ўрад забараніў іх, а паліцыя ўмяшалася, каб разагнаць сотні людзей, якія спрабавалі сабрацца ва Ўагадугу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малі адмаўляе разьмяшчэньне расейскай вайсковай групоўкі «Вагнера» ў краіне