Улады Буркіна-Фаса паведамілі аб мяцяжы вайскоўцаў

Вайсковец страляе ў паветра ў Буркіна-Фаса, нядзеля, 23 студзеня

Прадстаўнікі ўладаў Буркіна-Фаса паведамілі аб мяцяжы вайскоўцаў, якія запатрабавалі ад палітыкаў падтрымаць іх у барацьбе з радыкальнымі ісламістамі і адправіць у адстаўку кіраўнікоў арміі і выведкі, перадае агенцтва Reuters.

Заходнеафрыканская дзяржава зазнае рэгулярныя напады джыхадыстаў, звязаных з тэрарыстычнымі групоўкамі «Ісламская дзяржава» і «Аль-Кайда».

З раніцы ў нядзелю ў краіне блякавалі доступ да інтэрнэту, перадае сэрвіс маніторынгу блякаваньняў NetBlocks. Паведамлялася, што прэзыдэнт арыштаваны, а ўрад страціў кантроль над сытуацыяй, але ўлады гэтую інфармацыю адмаўляюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Буркіна-Фасо адбылася страляніна каля лягеру, дзе ўтрымліваюць падазраваных у вайсковым перавароце

Хваляваньні ў заходнеафрыканскай рэспубліцы адбываюцца на фоне рэгулярных няўдач уладаў у барацьбе з узброенымі джыхадыстамі. У краіне рэгулярна чыняцца масавыя забойствы. За апошнія шэсць гадоў ад нападаў ісламістаў загінулі тысячы жыхароў краіны, ня менш як мільёну прыйшлося пакінуць свае дамы. Праваабарончыя групы паведамляюць аб масавым гвалце і з боку вайскоўцаў.

Гэта суправаджаецца ростам у рэгіёне антыфранцускіх настрояў і заявамі аб неэфэктыўнасці разьмешчаных у краіне францускіх вайскоўцаў, — перадае францускі часопіс Le Point.

  • У дзьвюх дзяржавах рэгіёну, — суседніх Малі і Гвінэі, — за апошнія паўтара года адбыліся пасьпяховыя вайсковыя перавароты. У абедзьвюх краінах пасля гэтага пачалі актыўную працу найміты з расейскай ПВК «Вагнэр».
  • Паводле Le Point і францускай газеты Courrier International, у Буркіна-Фаса актыўна абмяркоўваецца магчымасьць прыцягненьня расейскіх наймітаў, але яно можа выклікаць рэзкую крытыку Парыжу.