Паслом ЗША ў Польшчы стаў сын Зьбігнева Бжэзінскага

Марк Бжэзінскі

Пасол ЗША ў Польшчы Марк Бжэзінскі прыбыў у Варшаву. У Польшчы не было амбасадара ЗША з пачатку 2021 году.

У сувязі зь перамогай Джо Байдэна на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША Джарджэт Масбахэр, якая займала пасаду пасла з восені 2018 году, падала ў адстаўку.

«Мы рады, што ў Варшаве будзе новы амбасадар ЗША, таму што гэта дазваляе нам разблякаваць пэўныя каналы сувязі», — заявіў намесьнік кіраўніка МЗС Польшчы Шымон Шынкоўскі вэль Сэнк.

Марк Бжэзінскі — сын Зьбігнева Бжэзінскага, паляка па паходжаньні, дарадцы ў нацыянальнай бясьпецы былога прэзыдэнта ЗША Джымі Картэра. Адукацыяй Марк Бжэзінскі юрыст і дыплямат. Ён напісаў працу «Барацьба за канстытуцыяналізм у Польшчы». У 2009 годзе за сваю дзейнасьць на карысьць Польшчы ўзнагароджаны Афіцэрскім крыжам ордэна «За заслугі перад Рэспублікай Польшчай».

Пры прэзыдэнце Бараку Абаме быў паслом ЗША ў Швэцыі. Раней зьяўляўся дырэктарам у справах Расеі ў Радзе нацыянальнай бясьпекі пры адміністрацыі Біла Клінтана. Ён таксама быў адным з дарадцаў Джо Байдэна падчас яго прэзыдэнцкай кампаніі ў 2020 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША могуць адправіць сваіх вайскоўцаў у краіны Балтыі і Ўсходнюю Эўропу