Польскія спэцслужбы: Ціск на мяжы зь Беларусьсю можа значна ўзмацніцца

Памежная варта Польшчы на мяжы зь Беларусьсю

У чарговы раз польска-беларускую мяжу сілай перасеклі групы мігрантаў. Польскіх памежнікаў зноў закіданыя камянямі і пашкодзілі адну з машын Памежнай варты.

У панядзелак (24 студзеня) Памежная варта паведаміла ў Twitter:

«Учора 20 чалавек спрабавалі незаконна перасекчы польска-беларускую мяжу. На памежным пераходзе ў Чарэмха група замежнікаў пры падтрымцы беларускіх службаў сілай спрабавалі перасячы мяжу, польскія патрулі былі закіданыя камянямі, службовы аўтамабіль памежнай варты быў пашкоджаны, 3 грамадзяніна Ганы, якія перайшлі на польскі бок — затрыманыя».

Прадстаўніца Галоўнага штаба памежнай варты Ганна Міхальска сказала ў інтэрвію выданьню Gazeta Wyborcza:

«Было цёмна, і мы ня ведаем дакладна, колькі замежнікаў хацелі гвалтоўна перасекчы мяжу каля Чарэмхі, ад некалькіх да дзясятка чалавек. Супраць грамадзян Ганы былі прынятыя меры, каб вызначыць, ці жадаюць і могуць яны застацца ў Польшчы. У выніку кіданьня камянёў у нашу службовую машыну было разбітае шкло.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША могуць адправіць сваіх вайскоўцаў у краіны Балтыі і Ўсходнюю Эўропу

У сваю чаргу прэс-сакратар міністра-каардынатара спэцслужбаў Станіслаў Жарын паведаміў у Twitter:

«У апошнія дні зноў актывізаваліся кантрабандысты, якія займаліся арганізацыяй і кіраваньнем міграцыйным шляхам зь Беларусі на Захад. Гэта яшчэ адзін сыгнал, што ў бліжэйшыя месяцы ціск на польскую мяжу з Беларусьсю можа значна ўзмацніцца. Гібрыдная апэрацыя супраць Польшчы ёсьць і будзе працягвацца...»

Між тым, перад адзіным на сёньняшні дзень польска-беларускім памежным пераходам у Баброўніках на Падляшшы кіроўцы грузавікоў чакалі рэгістрацыі ў панядзелак (24 студзеня) раніцай, крыху менш, чым у папярэднія дні — 37 гадзін (у нядзелю раніцай — 43 гадзіны).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паслом ЗША ў Польшчы стаў сын Зьбігнева Бжэзінскага