Брытанія адмяніла праграму выдачы «залатых візаў»

Міністарка унутраных спраў Вялікай Брытаніі Прыці Патэл

Вялікая Брытанія адмовілася ад праграмы выдачы «залатых візаў», дзякуючы якой багатыя замежнікі маглі атрымаць грамадзянства краіны ў абмен на ўвоз капіталу. Пра гэта ў чацьвер абвясьціла міністарка унутраных спраў Прыці Патэл.

«У мяне нулявая цярпімасьць да злоўжываньняў нашай іміграцыйнай сыстэмай», — сказала Патэл, дадаўшы, што хоча «спыніць карумпаваную эліту, якая пагражае нацыянальнай бясьпецы і распаўсюджвае брудныя грошы». Міністарка таксама падкрэсьліла, што адмена «залатых віз» — гэта толькі «пачатак новай барацьбы з махлярствам і незаконнымі фінансамі».

Раней пра пляны адмовіцца ад праграмы выдачы «залатых візаў» паведамілі Financial Times і The Times. Выданьні меркавалі, што гэта адбудзецца на працягу найбліжэйшых тыдняў, а ў якасьці асноўнага матыву адмены называлі «выключэньне магчымасьці пранікненьня ў краіну грошай і актываў, зьвязаных з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным» на фоне «абвастрэньня сытуацыі вакол Украіны».

Пры гэтым у чацьвер, абвяшчаючы пра рашэньне, кіраўнік МУС Патэл падкрэсьліла, што яно тычыцца «усіх новых заяўнікаў усіх нацыянальнасьцяў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: «Усе прыкметы ўказваюць на гатоўнасьць Расеі напасьці на Ўкраіну»

Паводле зьвестак Financial Times, у 2021 годзе брытанскі ўрад выдаў 798 «залатых візаў», 82 зь іх — расейцам.

  • Праграму «залатых візаў» Вялікабрытанія запусьціла ў 2008 годзе. У абмен на ўкладаньні ад двух мільёнаў фунтаў стэрлінгаў замежнікі атрымлівалі магчымасьць жыць у краіне, а пазьней — падаць на грамадзянства і атрымаць пашпарт. У 2015 годзе Вялікабрытанія ўзмацніла жорсткасьць праверкі тых, хто падае на такія візы, каб не дапусьціць абароту незаконных сродкаў: ад заяўнікаў запатрабавалі правесьці аўдыт сваіх фінансавых і бізнэсовых інтарэсаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла законапраект аб алігархах