Чэхія ня будзе прыцягваць да адказнасьці тых, хто паедзе ваяваць за Ўкраіну

Прэм'ер-міністар Чэхіі Пэтр Фіала

Чэхам, якія жадаюць дапамагчы Ўкраіне абараніцца ад расейскай агрэсіі, ня трэба будзе хвалявацца наконт пакараньня за наёмніцтва ў замежным войску.

«Мы можам гарантаваць гэтым людзям беспакаранасьць, калі ім пагражае крымінальны перасьлед», – сказаў прэм'ер-міністар Чэхіі Пэтр Фіяла пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам краіны Мілашам Зэманам.

Адсутнасьць пакараньня будзе гарантаваная ў выглядзе зьняцьця адказнасьці, прадстаўленай прэзыдэнтам за подпісам прэмʼер-міністра.

За наёмніцтва ва ўзброеных сілах іншай краіны, паводле чэскага заканадаўства, пагражае пяцігадовы тэрмін зьняволеньня.

Міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Ліз Трас падкрэсьліла ў інтэрвію Бі-бі-сі, што калі нехта з брытанцаў захоча адгукнуцца на заклік прэзыдэнта Зяленскага прыехаць ваяваць добраахвотна ў прыватным парадку, то гэтыя людзі маюць права прыняць такое рашэньне. Пры гэтым адпраўляць ва Ўкраіну сваіх салдат для ўдзелу ў баявых дзеяньнях Брытанія ня мае намеру.

Сёньня ўрад Эстоніі прыняў пастанову, якая забараняе жыхарам гэтай краіны ваяваць на баку Расеі і Беларусі. Міністар юстыцыі Эстоніі Марыс Лаўры паведаміла, што калі нехта адправіцца ваяваць на баку Расеі і Беларусі, то размова будзе ісьці аб ваенным злачынстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы вярнулі Бучу, расейцы абстрэльваюць Чарнігаў і Марыюпаль, магчымыя гуманітарныя калідоры. Хроніка восьмага дня вайны ва Ўкраіне