Сябры ЭЗ узгаднілі новы пакет санкцый супраць Расеі

Сьцягі ЭЗ і Ўкраіны ў Стасбуры.

Краіны Эўразьвязу ўзгаднілі чацьвёрты пакет санкцый супраць Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы ў ЭЗ.

Паведамляецца, што часткай пакета стане адмена гандлёвага статусу Расеі як «нацыі найбольшага спрыяньня». Гэты крок можа дазволіць ЭЗ забараніць расейскія тавары або ўвесьці на іх санкцыі і паставіць Расею ў адзін шэраг з Паўночнай Карэяй або Іранам.

Дыпляматы заявілі, што санкцыі будуць уключаць забарону на імпарт расейскай сталі і жалеза, забарону на экспарт прадметаў раскошы, у тым ліку аўтамабіляў на суму больш як 50 000 эўра (55 000 даляраў), а таксама забарону на інвэстыцыі ў нафтавыя кампаніі і энэргетычны сэктар.

Уладальнік футбольнага клюба «Чэлсі» Раман Абрамовіч і яшчэ 14 чалавек таксама будуць дададзены ў сьпіс расейскіх алігархаў-мільярдэраў, супраць якіх будуць ужытыя санкцыі ЭЗ, паведамілі дыпляматы.

На мінулым тыдні Вялікая Брытанія ўвяла супраць Абрамовіча санкцыі ў выглядзе замарожваньня актываў і забароны на выезд. Нядаўна часопіс Forbes ацаніў актывы і маёмасьць Абрамовіча ў 7,2 мільярда даляраў.

Старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што гэты пакет таксама заблякуе доступ Расеі да Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) і Сусьветнага банку.

Апошнія санкцыі будуць афіцыйна ўведзеныя ў дзеяньне пасьля іх публікацыі ў Афіцыйным часопісе ЭЗ. На думку францускага старшынёўства, гэта павінна адбыцца «хутка».

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, рашэньне можа быць апублікавана заўтра, 15 сакавіка.