Абстрэлы Чарнігава і Луганшчыны, перакіданьне расейскіх войскаў з акупаваных частак Грузіі. 35-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Будынак Мікалаеўскай абласной адміністрацыі, куды 29 сакавіка пацэліла расейская ракета. 15 чалавек загінулі, 33 атрымалі раненьні

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 3 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Паводле інфармацыі ўкраінскага Генэральнага штабу, расейцы перакідаюць ва Ўкраіну падразьдзяленьні з акупаваных тэрыторый Грузіі.
  • У ноч на 30 сакавіка абстраляныя гарады і мястэчкі Луганскай вобласьці.
  • У Турэччыне прайшлі перамовы паміж дэлегацыямі Расеі і Ўкраіны.
  • Паводле брытанскай выведкі, расейцы перакідаюць сваіх наймітаў з Сырыі і Афрыкі ва Ўкраіну.
  • Зяленскі скрытыкаваў Эўропу за затрымку дапамогі.
  • ААН: за пяць тыдняў вайны з Украіны зьехалі 4 мільёны ўцекачоў.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 30 сакавіка

Пасьля заявы Мінабароны Расеі аб «скарачэньні актыўнасьці» расейцы ўсю ноч абстрэльвалі Чарнігаў і Нежын

Пра гэта паведаміў старшыня Чарнігаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Вячаслаў Чавус:

«„Зьмяншэньне актыўнасьці“ на Чарнігаўшчыне вораг прадэманстраваў ударамі па Нежыне, у тым ліку з паветра, і ўсю ноч наносіў удары па Чарнігаве. Зноў зьнішчаныя аб’екты цывільнай інфраструктуры, бібліятэкі, гандлёвыя цэнтры і іншыя аб'екты, вельмі шмат дамоў», — напісаў Чавус 30 сакавіка.

Заява Масквы аб нібыта скарачэньні актыўнасьці арміі РФ каля Кіева і Чарнігава прагучала пасьля завяршэньня ўкраінска-расейскіх перамоваў у Турэччыне 29 сакавіка.

Расейскія войскі атакавалі прамысловыя аб’екты Хмяльніцкай вобласьці

Кіраўнік Хмяльніцкай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гамалій заявіў, што ў ноч на 30 сакавіка расейскія войскі нанесьлі тры ракетныя ўдары па прамысловых аб’ектах рэгіёну.

«Пажары лякалізавалі сілы Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацыяў», — сказаў Сяргей Гамалій. Паводле яго, удзень 29 сакавіка расейцы скінулі ракеты на вайсковы аб’ект у горадзе Старакасьцянцінаў на Хмяльніччыне.

Расейскі авіяўдар па складах пад Кіевам

Пракуратура Ўкраіны расьсьледуе абстрэлы складоў у Кіеўскай вобласьці, дзе захоўвалася бытавая хімія і харчовыя тавары.
«Паводле сьледзтва, 29 сакавіка 2022 году Ўзброеныя Сілы Расейскай Фэдэрацыі нанесьлі авіяўдар па тэрыторыі Броварскага раёну. Снарад трапіў у склады, дзе захоўваліся прадукты харчаваньня, бытавая хімія і іншыя тавары грамадзкага прызначэньня», — гаворыцца ў паведамленьні тэлеграм-канала Генпракуратуры Ўкраіны. У выніку авіяўдару загарэліся склады агульнай плошчай 20 000 квадратных мэтраў.

Кіеў: расейцы перакідаюць ва Ўкраіну войскі з акупаваных тэрыторый Грузіі

Паводле Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны, расейскія праблемы з камплектаваньнем і вялікія страты асабовага складу й тэхнікі прывялі да таго, што ў гэты момант ідзе перакіданьне войскаў з акупаваных тэрыторый Грузіі — Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Згодна з інфармацыяй украінскага Генэральнага штабу, адтуль ва Ўкраіну ўжо перакінулі падразьдзяленьні 4-й (Цхінвальскі раён, Паўднёвая Асэтыя) і 7-й (Абхазія) вайсковых базаў, якія ўваходзяць у склад Паўднёвай вайсковай акругі Расеі.

Тры БТГ (батальённыя тактычныя групы) накіраваныя ва Ўкраіну з 4-й вайсковай базы. Іх колькасьць — да 1200 расейскіх і асэтынскіх вайскоўцаў. Сфармаваныя два падразьдзяленьні 7-й вайсковай базы, агулам каля 800 чалавек.

У Мінабароны Ўкраіны ня бачаць прыкмет рэальнага адступленьня расейскіх войскаў на Кіеўскім і Чарнігаўскім кірунках

Пра гэта заявіў сёньня на брыфінгу прадстаўнік Мінабароны Ўкраіны Аляксандар Матузянік.

«Паводле нашай апэратыўнай інфармацыі, вораг да канца не адмовіўся ад спробаў захапіць ці прынамсі ачапіць у тым ліку і гэтыя гарады. Гаворка ідзе пра сталіцу і пра Чарнігаў, — сказаў Матузянік. — Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны адзначае пэўнае частковае перамяшчэньне асобных падразьдзяленьняў на Кіеўскім і Чарнігаўскім напрамках. У той жа час масавага адводу расейскіх войскаў з гэтых раёнаў мы не назіраем».

Начныя абстрэлы Луганшчыны

Уначы расейскія войскі абстралялі Севераданецк, Лісічанск, Рубежнае, Крамянную, Залатое ў Луганскай вобласьці. Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Ратавальнікам удалося вывесьці зь месцаў абстрэлаў шасьцярых жыхароў Крамянной і Рубежнага. Акрамя таго, яны своечасова зьліквідавалі ўзгараньні і разабралі завалы.

У Дняпры ракетным ударам зьнішчаная нафтабаза

Пацярпелых і загінулых няма, расказалі ў Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі. Яшчэ два бэнзавозы пашкоджаныя аскепкамі іншай ракеты.

Мэр Ірпяня: у горадзе загінулі некалькі сотняў чалавек

Мэр Ірпяня Аляксандар Маркушын сёньня ацаніў колькасьць ахвяраў у горадзе з пачатку вайны. На яго думку, у Ірпяні маглі загінуць некалькі сотняў чалавек.

«Я думаю, прыкладна 200–300 чалавек загінулі. Многія пад заваламі загінулі. А для гэтага патрэбны час. 50% гораду разбурана, а завалы ніхто не разьбіраў, а там 100% ёсьць людзі», — сказаў Маркушын.

Ён ацаніў таксама колькасьць загінулых вайскоўцаў: «На жаль, 16 байцоў з нашай тэрытарыяльнай абароны загінулі. 29 у бальніцы. Калі дадаць яшчэ і Ўзброеныя сілы, то, я думаю, недзе ўвогуле да 50 чалавек загінулі і чалавек 100 параненыя. Але адваявалі, не аддалі маленькі горад», — сказаў Маркушын.

Баі за Ірпень працягваліся з пачатку вайны, 28 сакавіка Маркушын заявіў, што кантроль над горадам вернуты.

За месяц вайны ў Харкаве разбурана каля 15% жылога фонду

Пра гэта заявіў мэр гораду Ігар Церахаў. «Усяго ў Харкаве разбураны 1531 аб’ект, у тым ліку 1292 жылыя дамы. Расейская армія разбурыла 70 школ, 54 дзіцячыя садкі, 16 бальніц. У руінах 239 адміністрацыйных будынкаў. І гэта я кажу толькі пра цывільныя абʼекты», — паведаміў ён.

У ААН расьсьледуюць 24 выпадкі прымяненьня Расеяй касэтных боепрыпасаў

Сьледчыя вывучаюць 24 выпадкі прымяненьня касэтных боепрыпасаў войскамі Расеі, яны «могуць быць прыраўнаваныя да ваенных злачынстваў», паведаміла Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет, піша CNN. Паводле яе, ад ракет або абстрэлаў пацярпелі бальніцы, сыстэмы водазабесьпячэньня і адміністрацыйныя будынкі.

«Масавае разбурэньне цывільных аб’ектаў і вялікая колькасьць ахвяраў сярод мірнага насельніцтва пераканаўча сьведчаць, што фундамэнтальныя прынцыпы адрозьненьня, сувымернасьці і засьцярогі не выконваліся ў дастатковай меры», — сказала Бачэлет.

Мінабароны Расеі абвясьціла рэжым цішыні з 10:00 31 сакавіка для эвакуацыі жыхароў

Расея з 10:00 31 сакавіка абвяшчае «рэжым цішыні» для эвакуацыі мірных жыхароў і замежных грамадзян з Марыюпалю ў Запарожжа, паведаміла Мінабароны краіны. Расея паабяцала адкрыць для гэтага дадатковы гуманітарны калідор з Марыюпалю ў Запарожжа з прамежкавым пунктам у Бярдзянску.

Украіне прапанавалі зрабіць тое ж самае.

Расейскі газ надалей ідзе цераз Украіну

29 сакавіка аб’ём расейскага газу ў газаправодзе Ямал — Эўропа на памежным пераходзе Мальнаў у Нямеччыне зьнізіўся да нуля, нягледзячы на тое, што «Газпром» папярэдне замовіў прапампоўваньне ў заходнім кірунку, паведамляе Reuters.

Газ на гэтым маршруце адключаны на фоне патрабаваньняў Расеі да замежных кампаніяў аплачваць яго пастаўкі ў расейскіх рублях. Заходнія краіны дагэтуль адхілялі патрабаваньне Масквы зьмяніць валюту аплаты.

Пастаўкі расейскага газу ў Эўропу двума іншымі ключавымі маршрутамі ў цэлым стабільныя. Ідзецца пра газаправод «Паўночны паток — 1» праз Балтыйскае мора і пастаўкі ў Славаччыну з Украіны, дзе працягваецца вайна.

Вынікі перамоваў у Стамбуле

Расея ўжо зьмяніла свае ранейшыя фармулёўкі і нібыта гатовая да кампрамісу. Зьявіліся першыя вынікі перамоваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ваенная апэрацыя Расеі правалілася: Масква гатовая да кампрамісу. Першыя вынікі перамоваў у Стамбуле

Уцекачы ад вайны

Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала ўкраінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Расею, зьвяртацца ў амбасады Ўкраіны ў іншых краінах сьвету.

Кантакты амбасадаў разьмешчаныя ў тэлеграм-канале МЗС Украіны.

«У сувязі з масавым прымусовым вывазам расейскімі вайскоўцамі грамадзян Украіны на тэрыторыю Расеі рэкамэндуем суайчыньнікам, якія сталі ахвярамі такіх незаконных дзеяньняў расейскага рэжыму і хочуць вярнуцца ва Ўкраіну, паведаміць зьвесткі пра сябе бліжэйшай амбасадзе Ўкраіны ў суседніх дзяржавах або дзяржавах магчымага транзытнага праезду», — паведамілі ў МЗС Украіны.

Колькасьць уцекачоў з Украіны, паводле абноўленых зьвестак офісу Высокага камісара ААН у справах уцекачоў, ад пачатку расейскай агрэсіі склала 4 019 287 чалавек.

Найбольш прыняла Польшча — 2 336 799 чалавек, 608 936 перш паехалі ў Румынію, 387 151 — у Малдову, 364 804 — у Вугоршчыну, 350 632 — у Расею, 281 172 — у Славаччыну. На 7-м месцы ў сьпісе Беларусь, у яе пасьля разьвязанай расейцамі вайны прыехалі 10 902 украінцы.

Што адбываецца ў Расеі

Johnson & Johnson прыпыніць пастаўку сродкаў гігіены ў Расею

Прычынай такога рашэньня называюць «павелічэньне маштабаў гуманітарнага крызісу» праз вайну на тэрыторыі Ўкраіны. Пра гэта паведамляецца на сайце кампаніі.

Пры гэтым Johnson & Johnson працягне пастаўляць у Расею лекі і мэдычнае абсталяваньне. Кампанія валодае дзясяткамі брэндаў, якія выпускаюць сродкі асабістай гігіены. Сярод іх Le Petit Marseillais, Listerine, Clean & Clear, O.B. і іншыя.

Таксама аб прыпыненьні працы ў Расеі сеткі крамаў спартовых тавараў Decathlon абвясьціў францускі холдынг Association Familiale Mulliez. Кампанія заяўляе, што рашэньне прынятае ў сувязі зь міжнароднымі санкцыямі, якія ўплываюць на ўмовы паставак. Decathlon сьцьвярджае, што працягне падтрымліваць 2500 супрацоўнікаў у Расеі.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым займаецца войска Беларусі, пакуль зь яе тэрыторыі абстрэльваюць Украіну

З 24 сакавіка сэрвіс грашовых пераводаў Western Union недаступны для беларусаў

Прычына — у заходніх санкцыях за вайну супраць Украіны. Цяпер можна атрымаць толькі грошы, адпраўленыя з-за мяжы да 21 сакавіка. Ад сёньня немагчыма адправіць грошы ні ў Беларусь, ні зь яе. Аналягічная сытуацыя і ў Расеі.

Як рэагуе сьвет

Bloomberg прыпыняе сваю дзейнасьць у Расеі і Беларусі пасьля ўварваньня ва Ўкраіну

Пра гэта гаворыцца ў заяве ад Bloomberg LP, кампаніі Bloomberg News:

«Кліенты ў гэтых дзьвюх краінах ня змогуць атрымаць доступ да ніводнага зь фінансавых прадуктаў Bloomberg, уключаючы тэрмінал, ліцэнзію на дадзеныя, паток дадзеных і электронныя гандлёвыя плятформы», — адзначылі ў Bloomberg LP.
Рашэньне азначае, што мясцовыя інвэстары страцяць доступ да ўсіх прадуктаў, якія прапануе гэтая кампанія.

Гандлёва-інфармацыйная плятформа Bloomberg — адзін зь вядучых сусьветных пастаўшчыкоў фінансавай інфармацыі для прафэсійных удзельнікаў фінансавых рынкаў.

Чатыры краіны ЭЗ выдвараюць вялікую групу расейскіх дыпляматаў

Нідэрлянды, Бэльгія, Ірляндыя і Чэхія абвясьцілі 29 сакавіка аб высылцы вялікай групы расейскіх дыпляматаў, западозраных у шпіёнскай дзейнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры краіны ЭЗ выдвараюць вялікую групу расейскіх дыпляматаў