Інфляцыя, забарона на вываз харчу. Эканамічныя наступствы вайны ва Ўкраіне для Беларусі

Крупы трапілі пад забарону на вываз зь Беларусі

Уведзеныя ў сувязі з вайной ва Ўкраіне санкцыі супраць а Беларусі працягваюць адбівацца на эканоміцы апошняй. Сьвежыя навіны на гэтую тэму.

Інфляцыя і пэнсіі

Так, праз інфляцыю пэнсіі беларусаў, якія вылічваюць з папраўкай на рост цэнаў на тавары і паслугі, пáдаюць пяты месяц запар.

Са зьвестак Белстатe вынікае, што ў параўнаньні са студзенем у лютым пэнсіі зьнізіліся на 1,3%, піша Zerkalo.io.

У мінулым месяцы інфляцыя склала 10% гадавых, тады значна падаражэлі прадукты. У апошні раз рэальныя пэнсіі вырасьлі ў верасьні 2021 годe — на 5% да жніўня.

У лютым жа пэнсіі зьнізілbся ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2021-га — на 2,8%. Сярэдняя прызначаная пэнсія ў мінулым месяцы склала 515,9 рубля.

Аднак у 2021 годзе рэальныя пэнсіі расьлі толькі ў жніўні і верасьні, у астатні час яны былі ў мінусе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі хочуць запатрабаваць ад эмігрантаў поўнай выплаты камунальных рахункаў

Забарона на вываз прадуктаў

У Беларусі на тры месяцы ўвялі забарону на вываз рысу, крупы і мукі грубага памолу з жыта або ячменю, а таксама апрацаванага збожжа травы і макаронных вырабаў. Адпаведную пастанову прыняў 28 сакавіка Савет міністраў, піша прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.

У ведамстве ўдакладнілі, што рашэньне прынялі, каб унікнуць дэфіцыту ў крамах краіны, а таксама для захаваньня харчовай бясьпекі Беларусі.

Пад абмежаваньне ня трапяць тавары, якія ўвозяць у дзяржавы Эўразійскага эканамічнага саюзу, а таксама ў іншыя краіны для гуманітарнай дапамогі і асабістага харчаваньня.

Таксама пад забарону ня трапяць тавары, якія вязуць транзытам з-за межаў мытнай тэрыторыі Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Раней урад на тры месяцы прыпыніў вываз пшанічнай мукі, грэчкі і цукру. Праз час пад забарону на вываз трапілі кармы для жывёлы і 254 віды прамысловых тавараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша ніва»: Кіраўніка банку БелВЭБ Мацюшэўскага выпусьцілі з-пад варты

Рэзыдэнтам удвая павысілі стаўку штоквартальных адлічэньняў у фонд ПВТ

Аб гэтым паведамляецца ў пастанове Саўміна ад 28 сакавіка, дакумэнт падпісаў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка.

Стаўка штоквартальных адлічэньняў адміністрацыі ПВТ павялічылася ўдвая і зараз складае 2%. Гэта велічыня пакуль толькі за першы квартал 2022 году.

У дакумэнце пазначана, што стаўка павялічваецца «дзеля рэалізацыі дзяржаўна значных і сацыяльных праектаў, вызначаных дзяржаўнымі органамі».

Зьвесткі аб тым, колькі грошай у фондзе і як яны выдаткоўваюцца, не публікуюць у адкрытым доступе, піша devby. Аб лічбах можна меркаваць паводле памеру экспарту рэзыдэнтаў ПВТ. Так, у 2020 годзе ён склаў 2,7 млрд даляраў, 1% ад гэтай сумы — 27 млн даляраў. У выніку 2021 году экспарт, як чакаецца, перавысіць 3 млрд даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палова працаўладкаваных украінцаў страціла працу праз вайну

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.