Прэзыдэнт Чэхіі папрасіў прэм’ера адкрыць у Празе офіс беларускай апазыцыі

Сустрэча Мілаша Зэмана са Сьвятланай Ціханоўскай, Прага, чэрвень 2021 году

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман папрасіў прэмʼер-міністра краіны Пэтра Фіялу адкрыць у Празе офіс, які аказваў бы падтрымку беларускай апазыцыі.

Аб гэтым кіраўнік чэскай дзяржавы паведаміў падчас размовы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, якая адбылася 30 сакавіка ў Празе.

Паводле слоў Мілаша Зэмана, ідэя стварэньня ў Празе «беларускага офісу для кантактаў» ці «беларускага дома» ўзьнікла пасьля яго леташняй сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай.

«Прадстаўнікі Беларусі вельмі віталі б такую плятформу з практычных і палітычных прычынаў. Спадар прэзідэнт распавёў, што нядаўна накіраваў ліст прэмʼер-міністру Пятру Фіяле з просьбай дамагчыся стварэньня ў Празе офісу ці іншай плятформы, якая дапамагала б беларускай апазыцыі і незалежнай грамадзянскай супольнасьці», — заявіў прэс-сакратар чэскага прэзыдэнта Іржы Оўчачак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія замарозіла актывы расейскіх алігархаў на сотні мільёнаў крон

Тым часам дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў пра вырашэньне пытаньня біямэтрычных картак для беларусаў у Чэхіі.

«Чэхія памяняла заканадаўства і будзе даваць беларусам на тэрыторыі Чэхіі біямэтрычныя карткі — віды на жыхарства. Такім чынам вырашаная праблема соцень людзей. Сьвятлана Ціханоўская правяла званок з міністрам замежных спраў Ліпаўскім, а Валер Кавалеўскі правёў кансультацыі па гэтай тэме ў панядзелак — і мы дзякуем міністру ўнутраных справаў за разуменьне і беларусам Чэхіі за іх актыўнасьць. Яшчэ трэба вырашаць пытаньне зь візамі і абаронай для беларускіх уцекачоў з Украіны. Мы працягваем гэтую працу», — сказаў Франак Вячорка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі зьвярнуўся да беларусаў з нагоды Дня Волі