Лукашэнка: «Трэба ўсё ж такі разабрацца з IT-тэхналёгіямі, IT-паркамі і з гэтымі айцішнікамі»

Парк высокіх тэхналёгій Беларусі, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка мае намер разабрацца з ПВТ. Ён хоча правесьці нараду з рэзыдэнтамі парку і прыняць шэраг рашэньняў.

Пра гэта ішла размова ў час дакладу аб праекце ўказу аб органе дзяржаўнага кіраваньня ў сфэры лічбавага разьвіцьця і пытаньнях інфарматызацыі. Па словах Лукашэнкі, яму дакладваюць аб адтоку кадраў з ПВТ, яго цытуе прэс-служба.

«У свой час без усялякай моды стварылі Парк высокіх тэхналёгій. Ён сваю ролю адыграў і адыгрывае ў наш час. Я хачу, каб вы сёньня гэтую тэму закранулі і праінфармавалі мяне, што там адбываецца ў гэтым парку, наколькі там тэндэнцыя адтоку кадраў. Як мяне інфармуюць, такі ўжо там адток, што заўтра загіне Беларусь без айцішнікаў».

На гэтым фоне ён мае намер правесьці нараду і прыняць шэраг рашэньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Парку высокіх тэхналёгій вырашылі даведацца, колькі ІТ-спэцыялістаў выехалі зь Беларусі

Раней адміністрацыя ПВТ зьбірала прапановы ад рэзыдэнтаў Парку аб мерах падтрымкі ў рамках супрацьдзеяньня санкцыям, а таксама зьвесткі аб праграмістах, якія выехалі з краіны. Паводле Лукашэнкі, трэба паглядзець на ад’езд праграмістаў з пункту гледжаньня бясьпекі.

«Працэс ад’езду некаторых айцішнікаў усё ж такі назіраецца, і, магчыма, ён немалы. Нам трэба паглядзець з пункту погляду бясьпекі, наколькі гэта небясьпечна для Беларусі. З другога пункту гледжаньня, трэба ўсё ж такі разабрацца з IT-тэхналёгіямі, IT-паркамі і з гэтымі айцішнікамі, каб у нас былі роўныя ўмовы для ўсіх. Час прыйшоў для таго, каб вырашаць гэтыя пытаньні», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін з самых дарагіх стартапаў, Flo, пакідае Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша ніва»: топ-мэнэджэры банку БелВЭБ выйшлі на волю пасьля гіганцкага выкупу