«Па голасе чуваць, як яму страшна: „Перакідваюць у Сумы, нас будуць забіваць“». Што расказваюць маці расейскіх салдатаў тэрміновай службы

Мікалай Польшчыкаў (справа), салдат тэрміновай службы, які трапіў у палон ва Ўкраіне.

Расейскія ўлады, у тым ліку прэзыдэнт Пуцін, доўгі час адмаўлялі, што ў вайне ва Ўкраіне бяруць удзел салдаты тэрміновай службы. Аднак пасьля таго, як частка прызыўнікоў трапілі ў палон і факты пацьвердзіліся, наяўнасьць вайскоўцаў тэрміновай службы ва Ўкраіне было афіцыйна прызнана.

Многія расейскія сем’і праз Мінабароны сталі дабівацца вяртаньня прызыўнікоў дадому. Пакуль дадому, аднак, ніхто не даехаў — нават выведзеныя з Украіны прызыўнікі застаюцца ў сваіх частках даслужваць тэрмін да канца. Ня факт, што на іх таксама распаўсюдзіцца статус вэтэранаў, які Ўладзімір Пуцін абяцаў удзельнікам вайны ва Ўкраіне: бо па дакумэнтах яны былі «на вучэньнях» у Белгарадзкай ці Курскай вобласьці, а не на тэрыторыі суседняй дзяржавы.

Маці салдатаў, якія замест «вучэньняў» апынуліся на вайне ва Ўкраіне, расказалі праекту расейскай службы Радыё Свабода Север. Реалии, што іх адправілі туды без асабістых рэчаў, а камандаваньне прымушала падпісваць кантракт, але кінула іх, калі прызыўнікі трапілі ў палон.

Яшчэ да ўварваньня ім прыйшлося высылаць сынам грошы на цёплае адзеньне і абутак, а кармілі салдат пратэрмінаванымі харчамі. Амаль усе маці пагадзіліся размаўляць з журналістамі толькі на ўмовах ананімнасьці і папрасілі памяняць усе імёны. Але іх рэальныя дадзеныя ёсьць у распараджэньні рэдакцыі.

«Сказалі для вучэньняў купіць цёплае — боты, шкарпэткі»

Сына Святланы Паўла прызвалі ў войска ў ліпені мінулага году. Апошні раз ён патэлефанаваў маці 23 лютага, яна павіншавала яго са сьвятам. Сьвятлана кажа, што ў той дзень салдаты тэрміновай службы былі на вучэньнях і гаворкі не ішло пра тое, што яны кудысьці пойдуць празь мяжу. Зрэшты, не выключае маці, сын мог і ўтаіць ад яе нэгатыўныя навіны — у яго заўсёды «ўсё добра»: «Я толькі па чутках даведвалася. Хлопчыкі, якія зь ім разам, сваім мамам зусім іншае гаварылі».

«Пасьля 23 лютага — усё, як зьнік, — расказвае маці тэрміновіка. — Патэлефанаваў толькі ў пачатку сакавіка, і я даведалася, што ён ва Ўкраіне. Высьветлілася, што там іх і ўгаворвалі падпісаць кантракты і прымушалі, і палохалі! Чаго толькі ім не абяцалі! А палохалі, што інакш яны дэзэртыры будуць. Паўлік не падпісаў кантракту, але хтосьці з хлопцаў падпісваў».

«Дзякуй Богу, як падняўся скандал, пачалі салдатаў тэрміновай службы выводзіць адтуль. Але потым у нашым чаце „мамачак“ нехта напісаў, што частку дзяцей назад на Сумы паварочваюць, а тых, хто ісьці адмовіцца, нібыта расстраляюць, — расказвае Святлана. Ня ведаю, ці праўда гэта, але чытаць было вельмі страшна. Супакоюся я толькі тады, калі сына ўбачу. Мне трэба, каб сын прыйшоў дадому. Каб ён проста вярнуўся дадому. Здаровы і з нармальнай псыхікай», — штораз паўтарае жанчына.

Святлана расказвае, што ёй неаднаразова даводзілася пасылаць сыну грошы, каб той мог купіць сабе вопратку і абутак.

«Я дзівілася, а сын кажа: „Мама, тут такая галеча, мы ўсё самі купляць павінны“. Ну і мы, вядома, апошняе аддамо, каб толькі яму грошай паслаць. Як сын апынуўся ва Ўкраіне, я наагул ня ведаю. Але ім увесь час казалі, што іх адпраўляюць на вучэньні, яны і сапраўды спачатку паехалі як на вучэньні, ён заўсёды тэлефанаваў мне ў выходныя, а тут у будны дзень даслаў галасавое паведамленьне: ім загадалі для вучэньняў купіць цёплую вопратку — боты, шкарпэткі, усё астатняе. Каб апрануцца цяплей, — апавядае Святлана. — Я яшчэ задзівілася: як жа так, іх адпраўляюць голымі, ці што? Хіба ў войску не павінны забясьпечваць усім неабходным? Але я грошы яму адправіла, ён яшчэ фатаздымкі прыслаў, што купіў шапку, шкарпэткі».

Святлана таксама расказвае, што калі Паўла прызвалі, у ваенкамаце маленькага карэльскага гарадку яму выдалі боты, якія аказаліся салдату малыя.

«Я яму кажу: ну што зробіш, давай купім, якія табе там трэба, — расказвае маці. — А ён: „Ды добра, абыдуся“. А потым ужо з часткі патэлефанаваў, выхваляецца: знайшоў нейкія боты, кажа, падклею трошкі — і нармальна будзе. А іншыя хлопцы — хто на дасланыя бацькамі грошы рыдлёўкі купляў, хто скрабкі нейкія, Паша мне расказваў. То бок іх павінны ўсім забясьпечваць, але яны на ўсё просяць бацькоў грошы пасылаць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці расейскага салдата, які загінуў ва Ўкраіне: «Штосьці пайшло ня так. Але нельга спыняцца»

«Калі іх прывялі ва Ўкраіну, адразу сказалі: „Вас тут не было“»

Валянцін — яшчэ адзін прызыўнік з Карэліі, ён наогул не павінен быў трапіць у войска. Хлопец вучыўся ва ўнівэрсытэце, у 2021 годзе плянаваў атрымаць прафэсію праграміста, бацькі пачалі шукаць яму месца працы. Але праз пандэмію ён запусьціў вучобу, прыйшлося ўзяць акадэмічны водпуск, і ў выніку ў ліпені 2021 году замест дыплёма Валянцін атрымаў позву з ваенкамату. Да пачатку вайны ва Ўкраіне ён праслужыў сем месяцаў.

«Калі іх толькі прывялі ва Ўкраіну, адразу сказалі: „Майце на ўвазе, вас тут не было“, — пераказвае яго маці Людміла тое, што пасьпеў расказаць па тэлефоне сын. — Ад іх пачалі патрабаваць, каб падпісалі кантракты. Прапаноўвалі ім кантракты з самага пачатку службы, абяцалі кучу ўсякіх ільгот — і кватэру, і заробак нейкі велізарны абяцалі. Але ўжо потым, калі я тэлефанавала ў Мінабароны, мяне там пыталі: „Ён у вас кантрактнік?“ „Не“, — адказваю. „Дакладна, — пытаюцца, — не падпісваў кантракту?“ — „Ды дакладна, дакладна! Я яму забараніла гэта рабіць, як бы вы ні ўгаворвалі! У нас ня тая сытуацыя, каб яму ў войску заставацца. У яго пэрспэктыўная спэцыяльнасьць, вернецца — атрымае дыплём. А кватэру мы яму ўжо купілі“».

Людміла падкрэсьлівае, што ў частцы, у якой служыў яе сын, асабліва настойліва пачалі пераконваць падпісаць кантракт, калі падразьдзяленьне ўжо апынулася на тэрыторыі Ўкраіны. Камандзіры палохалі салдат, што ўсе адмоўнікі пойдуць пад трыбунал, расказвае Людміла: яна лічыць, што камандзіры павінны несьці адказнасьць за такі ціск.

«Сын мне патэлефанаваў: мама, калі што — ведай, што я сам нічога не падпісваў», — падкрэсьлівае яна.

«На вучэньні яны паехалі недзе 6 лютага, — успамінае Людміла. — Перад гэтым дні за два сын мне патэлефанаваў і сказаў, што яму патрэбна цёплае вопратка. Кажа, ім сказалі, што „зьменкі“ ніякай не будзе, трэба самім купіць усё, інакш так і будуць хадзіць у тым, у чым прыехалі. Мы паслалі сыну грошы на сподняе, на шкарпэткі, на тэрмабялізну, на футболкі — на ўсё-ўсё, аж да зубной пасты — усё трэба было самому купляць».

А потым, як я зразумела, іх з вучэньняў гэтых тэрмінова сарвалі і ўсе рэчы ў яго ў намётавым лягеры засталіся. І ўвесь час, што яны былі ва Ўкраіне, яны ня мыліся, не галіліся, адзеньне зь сябе не здымалі. «І спалі пры гэтым на зямлі, — расказвае маці. — Пры гэтым, яшчэ калі яны ехалі на вучэньні, у лютым, сын тэлефанаваў мне і пытаўся, ці не пачнецца вайна: размовы такія ўжо тады хадзілі. Але я да апошняга ня верыла, што гэта можа здарыцца. Яшчэ і яго супакойвала: вы ж на тэрміновай службе, вас у любым выпадку туды не пашлюць, ня маюць права».

Як і іншыя маці салдатаў тэрміновай службы, Людміла пачула сына апошні раз напярэдадні вайны. Увечары 22 лютага Валянцін ёй патэлефанаваў і сказаў, што іх адпраўляюць ва Ўкраіну.

«Я не паверыла, — успамінае маці. — Кажу: напэўна, вас у ачапленьне паставяць каля мяжы. А далей — цішыня. Раніцай 24 лютага я ўбачыла выступ Пуціна па тэлевізары — гэта такі шок быў! Памятаю, у якой я была паніцы. Па тэлевізары казалі, як усё добра, а ў мяне ў галаве толькі адно стукае: чаму не тэлефануе сын? Глядзець нешта, акрамя тэлевізара, я сапраўды баялася. Адзін ролік убачыла ў інтэрнэце — пазнала хлопчыка з нашага гораду сярод палонных. Так стала страшна... Я кінула працу і з усіх ног пабегла ў ваенкамат. Пытаюся: „Гэта фэйк нейкі?“ Мне там адказваюць: „Не, гэта сапраўды наш хлопец, у нас у горадзе прызываўся“. Мне стала зусім дрэнна».

«Толькі 2 сакавіка сын патэлефанаваў, нарэшце, і сказаў, што яны недзе пад Кіевам. І зноў тэлефон замоўк. А 10 сакавіка ён патэлефанаваў такім голасам, што я пахаладзела адразу. „Мама, — кажа, — нас перакідваюць у Сумы, там нас будуць забіваць“. Я нічога не зразумела, але па голасе чую, як яму страшна, — расказвае Людміла. — Такі жах быў у голасе, гэта і мне перадалося».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы, вы ж бачыце, што адбываецца!» Шматдзетная жанчына вярнула ў адміністрацыю Лукашэнкі ордэн Маці ў знак пратэсту супраць вайны

Людміла кажа, што тэлефанавала ў частку, дзе служыць сын, але зампаліт і камандзір не адказвалі.

«Дазванілася ў выніку ў дзяжурную частку, але там як толькі пачулі, што я мама вайскоўца, адразу размову абарвалі, — расказвае Людміла. — І далей я больш не змагла датэлефанавацца. Ніякай інфармацыі не было, пра сына я нічога даведацца не магла. Выявілася, што нас, такіх матуль, шмат. Мы стварылі чат, у нас свая мова ёсьць кансьпіратыўная: „дразды“ — гэта частка, дзе служыць мой сын, „арлы“ — гэта частка ў тым жа пасёлку праз дарогу. Высьветлілася, што з абедзьвюх частак „туды“ адправілі салдатаў тэрміновай службы».

«Церазь мяжу яны пераходзілі — гэта таксама былі нібы вучэньні»

Мікалай з маці ў дзень прызыву

Мікалай Польшчыкаў — яшчэ адзін салдат тэрміновай службы, адпраўлены ва Ўкраіну: яго прызвалі ў Разані, ён быў паранены і трапіў у палон. Тыдзень яго маці Алена ўвогуле ня ведала, дзе ён, а потым убачыла сына ў роліку, запісаным украінцамі.

Мікалай, па словах маці, вучыўся ў каледжы на бухгальтара, адзін час яны з маці працавалі разам у адной краме: ён быў прадаўцом-касірам. Потым звольніўся, каб здаць іспыты і атрымаць правы, «таму што далей мы ведалі, што прызавуць на ваенную службу», тлумачыць Алена.

«Ён да яе рыхтаваўся. Хто ж ведаў, што служба будзе такая», — уздыхае маці.

Служыў Мікалай у Таманскай дывізіі, у Нара-Фамінску пад Масквой. 30 студзеня іх частку адправілі на вучэньні ў Курск, адтуль — у Белгарад. З вучэньняў ён тэлефанаваў маці ў пачатку лютага, расказваў, што яны на БМП малявалі фарбай нейкія пазнакі.

«Яшчэ ніякай вайны не было, а яны ўжо малявалі на машынах Z. Ім тлумачылі, што гэта таксама частка вучэньняў: калі будзе бой, гэта трэба, каб не падстрэліць сваіх, — кажа Алена. — А 23 лютага сын са мной пагаварыў — і прапаў. Патэлефанаваў толькі 28-га: мы, сказаў, ва Ўкраіне. Як гэта, пытаю, ва Ўкраіне, тамака ж вайна?! Ты ж на тэрміновай службе! А іх зацягнулі туды падманам. Ніхто з хлопцаў ня ведаў, куды яны едуць. Ім сказалі — на вучэньні. Ну вучэньні дык вучэньні, яны і паехалі. І церазь мяжу яны пераходзілі — гэта таксама былі нібы вучэньні. А потым Уладзімір Уладзіміравіч абвясьціў, што гэта спэцапэрацыя».

«Яны не падпісвалі ніякіх кантрактаў, нічога, гэта я дакладна ведаю, ён бы мне абавязкова сказаў, а я б не дазволіла, — падкрэсьлівае Алена. — А 7 сакавіка мой сын трапіў у палон. Тыдзень — тыдзень! — я нічога пра гэта ня ведала, ніхто мне не паведаміў, ніхто не патэлефанаваў зь ягоных камандзіраў. І вось на працы выходжу на абед, а ў мяне адзін хлопчык наш пытаецца: „Гэта праўда, што ваш Коля ў палоне?“ І паказвае мне відэа: там мой Коля гаворыць нібыта нейкай чужой мовай. Мне стала дрэнна. Я пабегла дадому тэлефанаваць у частку, у Нара-Фамінск, а там адказала толькі псыхоляг Марына Ўладзіміраўна. І яна пацьвердзіла, што мой сын сапраўды знаходзіцца ў палоне ўжо тыдзень, з 7 сакавіка».

«Чаму ж мне ніхто не сказаў, дзе ён?! Потым я даведалася, што ён быў яшчэ і паранены ў плячо. Я ведаю, што яго ўжо падлячылі там, але сэрца ўсё роўна не на месцы. Госпадзе, яму ж усяго 20 гадоў, а ён ужо такое перажыў! Гэта ж усё жыцьцё яму пераверне! — плача маці. — Потым сын патэлефанаваў і таксама сказаў, што ён у палоне, яму далі патэлефанаваць украінцы, дазволілі нам пагаварыць тры хвіліны. Кажа: „Мама, забярыце нас адсюль, як заўгодна, таму што мы ня ведаем, ці вядуцца пра нас перамовы. Тэлефануй, кажа, у Чырвоны Крыж, Пуціну, куды заўгодна, ці зьбіраюцца нас адсюль забіраць“. А я потым гаварыла яшчэ з адным татам, у якога ў палоне сын Саша Марозаў, і з адной мамай, дык яны тое ж самае расказваюць».

«Я прашу, малю, каму толькі ні тэлефаную. У пракуратуру напісала заяву, у Мінабароны тэлефаную стала. Мне толькі адказваюць: ваша справа разглядаецца. А што мне зь іхнага „разглядаецца“?! Мне сын мой патрэбен!» — кажа Алена.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У расейскіх салдатаў абмаражэньні, не хапае намётаў і зімовай уніформы». Заснавальнік CIT пра першы месяц вайны ва Ўкраіне

«23 лютага сын тэлефануе і кажа: «Мама мяне загрузілі боепрыпасамі і адпраўляюць ва Ўкраіну»

Кірылу прызвалі ў войска восеньню 2021 году — да пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ён пасьпеў праслужыць тры з паловай месяцы.

«Яшчэ ў сьнежні сын патэлефанаваў мне і кажа: нас неўзабаве павязуць на вучэньні ў палі месяцы на два-тры, — апавядае ягоная маці Тацяна. — У студзені іх сапраўды павезьлі ў Курск, сын тэлефанаваў адтуль. Ён у мяне служыць кіроўцам у РМА — роце матэрыяльнага забесьпячэньня. Неяк тэлефануе і кажа: „Мы ўжо пад Белгарадам“. А 23 лютага гадзін у сем вечара сын тэлефануе і кажа: „Мама, мяне загрузілі боепрыпасамі і адпраўляюць ва Ўкраіну“. Ноч я ня спала, як быццам нешта адчувала. А раніцай даведалася, што там вайна».

«Два тыдні я нічога ня ведала пра сына. А ў пачатку сакавіка раптам патэлефанаваў яго сябар: „Цётка Таня, Кірыл ня можа вам датэлефанавацца, а справа тэрміновая. Ён просіць біць трывогу, таму што яго прымушаюць падпісаць кантракт“, — расказвае маці. Потым ужо, калі Тацяна зьвязалася з сынам, ён пераказаў ёй, што яму казалі камандзіры: „Вы лепш падпішыце кантракт, таму што вы з намі тут усё роўна застаняцеся да канца, а па кантракце вам хоць заплацяць за гэта нейкія грошы“.

Кірыл падпісваць кантракт адмовіўся. І тады адзін з афіцэраў даў яму тэлефон, каб патэлефанаваў маці: «Гавары, што цябе прымушаюць падпісаць кантракт, няхай яна цябе адсюль выцягвае».

«Ня ведаю, што гэта за афіцэр, але дзякуй яму, — дзякуе Тацяна. — Наогул сыну прапаноўвалі кантракт з самага пачатку, яшчэ да Ўкраіны. Ён мне тэлефанаваў і пытаўся, ці варта падпісваць: абяцаюць, маўляў, што ён будзе толькі нешта патруляваць, а затое грошы стануць плаціць добрыя і жытло дадуць. Але я яму сказала: ні ў якім разе. У яго добрая прафэсія, ён у нас аўтамэханік. І праца ёсьць, чакае яго, ён там ужо тры гады адпрацаваў, яшчэ ў тэхнікуме пачаў... Вы не ўяўляеце, што ён умее з машыны рабіць. Дом яны пабудавалі з татам удвох. Так што я дакладна ведаю, што нічога ён не падпісваў, няма чаго яму рабіць у гэтым войску».

«Увогуле, я датэлефанавалася да Міністэрства абароны, знайшла нейкую „гарачую лінію“. Сказала ім усё, што думаю», — кажа Тацяна.

Пасьля масавых скаргаў бацькоў расейскіх тэрміновай службы ў Мінабароны, з Украіны вывелі 412 чалавек, у тым ліку Кірыла. Тацяна расказвае, што ён вярнуўся з тэмпэратурай і бессаньню, іншыя яго калегі — хто з абмарожанымі нагамі прыйшоў, хто з пнэўманіяй. Як аказалася, да ўварваньня яны жылі зімой у Белгарадзкай вобласьці ў палатках.

«Ён мне толькі сказаў: „Мама, там было вельмі страшна“. Ён там цела без галавы бачыў, кагосьці бяз ног... — расказвае Тацяна. — Бегалі яны там лясамі, а зьверху іх бамбілі з самалётаў».

«Прадуктаў у іх толкам не было, сухпайкі і тыя пратэрмінаваныя. Ёсьці, кажа, немагчыма, але даводзілася. Сын у роце матзабесьпячэньня служыў, ён гэтыя пайкі сам раздаваў, так што на свае вочы ўсё бачыў. І ў гэтым пайку рыс, чай, а што зь імі рабіць? Вады ў іх не было, яны сьнег тапілі, каб папіць. Яны нават зубы не маглі пачысьціць, таму што, калі іх ва Ўкраіну адпраўлялі, дык нават асабістыя рэчы не далі ўзяць з лягера, — расказвае маці. Сын як зьехаў зь лягера загружацца — так больш туды і не вярнуўся. Цёплай вопраткі ў іх таксама не было. Вось у чым мой паехаў на вучэньні, тое і насіў ва Ўкраіне. А спалі яны там на зямлі».

Тацяна кажа, што Кірылу пашанцавала: ва Ўкраіне вакол яго апынуліся вайскоўцы значна старэйшыя па ўзросту — нехта доўга праслужыў на кантракце, нехта быў у Чачэніі. Як людзі дасьведчаныя, яны ахоўвалі хлопца: «І яму не прыйшлося бегаць зь іншымі бязглуздымі хлапчукамі. Мусіць, гэта яго і выратавала».

«Я ўсё-такі дастукалася да іх камандзіра, — абураецца Тацяна. — Ён і са мной, як з іншымі матулямі, гаварыць адмаўляўся, але я стала пісаць яму SMS. Задаю пытаньне: „Дзе мой сын?“ Ён адказвае: „Я ў іншай вобласьці“. Я: „Але ён жа там не адзін, нейкі камандзір зь ім павінен быць?“ У адказ — цішыня».